Псалтыр 123 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Песня ўзыходжання. Да Цябе падняў я свае вочы, да Цябе, Які пражываеш на небе.
 
Песьня на ўступцох. Да Цябе ўздымаю вочы свае, Жывучы на нябёсах!

Вось, як вочы слуг [звернуты] на рукі гаспадароў сваіх, як вочы служанкі — на рукі гаспадыні сваёй, так вочы нашы — на Госпада Бога нашага, пакуль Ён не злітуецца над намі.
 
Вось, як вочы слугаў да рукі гаспадароў сваіх, як вочы нявольніцы да рукі гаспадыні свае, так вочы нашы да СПАДАРА, Бога нашага, аж пакуль Ён ня зьмілуецца над намі.

Злітуйся над намі, Госпадзе, злітуйся над намі, бо мы перапоўнены пагардай,
 
Зьмілуйся над намі, СПАДАРУ, зьмілуйся над намі, бо мы вельмі насыціліся грэбаваньням.

бо перапоўнена душа наша кпінамі багатых і пагардаю пыхлівых.
 
Душы нашы вельмі насыціліся насьмехам ад нядбайнікаў, грэбаваньням ад падымакаў.