Псалтыр 63 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Псальм Давідаў. Калі быў ён у пустыні Юдэйскай.
 
Псальма Давідава, як ён быў на пустыні Юдэйскай.

Божа, Ты — мой Бог, перад Табою я чуваю ад світання. Сасмягла па Табе душа мая, Цябе запатрабавала цела маё ў зямлі пустыннай, ссохлай і бязводнай.
 
Божа! Бог мой Ты. Цябе я золкам шукаю; сьмягне Цябе душа мая, тужа па Табе цела мае, як у сухой, высіляючай зямлі, без вады.

У святыні адкрыў я Цябе, каб убачыць магуцце Тваё і славу Тваю.
 
Гэтак у сьвятыні я сузіраў Цябе, каб бачыць сілу Тваю а чэсьць Тваю;

Бо міласэрнасць Твая лепшая за жыццё. Вусны мае будуць хваліць Цябе.
 
Бо лепшая ласка Твая за жыццё, мае вусны будуць выхваляць Цябе;

У жыцці маім дабраслаўляю Цябе, у імя Тваё падымаю я рукі мае.
 
Так я буду дабраславіць Цябе ў жыцьцю сваім; у імя Твае ўзьніму рукі свае.

Быццам тукам і маслам алівы, насыціцца душа мая, і голасам радасці хваліць будуць вусны мае.
 
Як шпікам а тукам сыціцца душа мая, радаснымі вуснамі выхваляе Цябе рот мой,

Буду помніць я Цябе на пасцелі маёй, і на золку буду разважаць пра Цябе.
 
як я думаю празь Цябе на пасьцелі сваёй, на ночных вартах размышляю празь Цябе;

бо Ты — Успаможца мой, і пад покрывам крылаў Тваіх я радуюся.
 
Бо Ты быў на помач імне, і ў сьценю крылаў Тваіх я пяю.

Прытулілася да Цябе душа мая, правіца Твая падтрымлівае мяне.
 
Прыліпла душа мая да Цябе; правіца Твая падпірае мяне.

А тыя, што будуць шукаць пагібелі для душы маёй, сыдуць у апраметныя зямлі,
 
Але тыя, што шукаюць зьнішчыць жыцьцё мае, пойдуць у споднія месцы зямлі;

хай загінуць яны ад мяча, пажывай лісаў будуць.
 
Будуць сьцяты мячом, будуць здабыткам лісоў.

А цар узвесяліцца ў Богу; праслаўлены будуць усе, хто прысягнуў Яму, бо закрыліся вусны тых, хто прамаўляе несправядліва.
 
А кароль будзе цешыцца ў Богу, пахваляцца ўсі прысягаючыя Ім, бо заткнёныя будуць раты манюкаў.