Плач над руінамі сьвятыні

1 Паэма. Азафа.
Чаму Ты, о Божа, адкінуў нас назаўсёды?
Палаеш гневам на авечкі паствы тваей.
2 Успомні на народ твой,
які ты ад пачатку прыдбаў Сабе,
на пакаленьне, якое Ты адкупіў, як спадчыну сваю
і на гэтую Сыёнскую гару, на якой Ты асеў!
3 Зьвярні крокі свае да руінаў адвечных:
усё чыста вораг разбурыў у сьвятыні.
4 Зарыкалі праціўнікі твае сярод тваіх грамадаў:
паставілі свае сьцягі на фронце уваходным.
5 Сьцягі, якія былі няведамыя, падобныя да тых,
што ў гушчары махаюць сякераю.
6 А цяпер тапаром і молатам дзьверы ў ёй (у святыні) крышаць.
7 Яны пусьцілі з агнём тваю сьвятыню, о Божа!
Апаганілі да грунту сялібу Імяні твайго.
8 Сказалі ў сэрцы сваім: “Вынішчым іх начыста!”
Спалілі на зямлі ўсе месцы Божых сьвятыняў.
9 Знакі (сьцягі) нашыя пазьнікалі:
няма больш прарокаў і нікога няма,
хто бы між намі ведаў, дакуль гэта будзе?
10 Аж дакуль, о Божа, будзе блюзьніць праціўнік?
Ці вечна будзе глуміцца вораг над тваім Імянем?
11 Чаму адхіляеш Ты руку тваю?
хаваеш сваю правіцу за пазухай.
12 Аднак, о Божа, Ты — цар мой спрадвеку,
які дае збаўленьне пасярод зямлі.
13 Гэта Ты моцай сваей раздзяліў мора,
Ты скрышыу галовы драконаў у водах.
14 Ты раздрабіў галовы Левіятана,
каб аддаць яго на спажыву дзікім зьвярам.
15 Ты адчыніў крыніцу і паток,
Ты высушыў мнагаводныя рэкі.
16 Твой ёсьць дзень і ночка твая:
Ты стварыў сьвятло і сонца.
17 Ты назначыў усе межы зямлі:
лета і зіму Ты іх устанавіў.
18 Успомні, Госпадзе, што вораг блюзьніць Табе,
а шалёны народ зьневажае Імя тваё!
19 Не аддай дзікаму зьвяру душу галубка твайго:
не забудзь навекі жыцьця няшчасных тваіх!
20 Успомні на запавет твой! Бо мера дапоўнілася:
у закутках зямлі — усюды месцы гвалту.
21 Каб уцісьнены не адыходзіў акрыты сорамам,-
няхай няшчасны і ўбогі хваляць Імя тваё!
22 Паўстань, о Божа, барані справу тваю!
Успомні на блюзьнерства, якое штодня прычыняе Табе неразумны!
23 Не забудзь гоману тваіх праціўнікаў
і крыку тваіх ворагаў, што ўсьцяж узрастае!

Каментары ці зноскі:

УВАГА: Псальміст аплаківае разбурэньне сьвятыні ў Еразоліме ў 587 годзе: яе спалілі і зьнішчылі ворагі з Бабілёну (Хальдэі). Разважае, якое здарылася вялікае няшчасьце і паніжэньне, калі ворагі агнём і мячом нішчылі ўсё да астатку!

Аднак не траціць надзеі, успамінаючы даўнейшую помач і апеку Божую, калі сваей моцай Госпад Бог “даваў збаўленьне пасярод зямлі”, калі “разьдяліў мора”, “крышыў галовы драконаў”, “драбіў галовы Левіятана” — гэта ўсё ў паэтычнай форме адносіцца да разгрому Егіпту.

Зь пяшчотнай любоўю называе народ свой “галубком” Божым і просіць ратунку для яго: “не аддай дзікаму зьвяру!”. Выказвае псальміст таксама і лютасьць і нягоднасьць ворагаў, якія зьяўляюцца пры гэтым праціўнікамі Самога Бога, дык упэўнена спадзяецца, што не забудзе “бараніць справы сваей”.

У Новым Запавеце маем яшчэ большае права прасіць у Бога помачы: называем Бога, як вучыў Ісус Хрыстос, нашым Айцом, дык Бог любіць нас, як сваіх дзяцей. І сьв.Якуб Апостал вучыць нас, каб наліліся “зь вераю, ані ў чым ня сумняваючыся”, а Бог “__________ ўсім ахвотна”. (__________)


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 74

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.