Скарга на ворагаў

1 Кіраўніку хору. На струнных. Паэма Давідава.
2 Пачуй, о Божа, малітву маю
і не адсувайся ад маленьня майго!
3 Зваж на мяне і адкажы мне:
Я мучуся ў уціску маім і дрыжу, —
4 ад крыку ворага майго, ад шыканьня нягодніка,
бо наводзіць на мяне ліхое
і заўзята варагуе са мною.
5 Маё сэрца трапечацца ўва мне,
і жах сьмяротны напаў на мяне.
6 Страх і дрыжаньне пранікаюць мяне
і жудасьць агартае мяне.
7 І я кажу: “Хто дасьць мне крылы як у галубкі?
Паляцеў бы я тады і супачыў бы.
8 Так, паляцеў бы я далёка,
дый і астаўся б у пустыні.
9 Хутка знайшоў-бы сабе сховішча супраць віхру і буры.
10 О, Госпадзе, зьніштож і разьдзялі іх языкі,
бо бачыў я гвалты і назгоду ў горадзе!
11 Дзень і ноч яны абыходзяць па сьценах яго,
а няшчасьце ды гора — пасярод яго.
12 Пагібель у сярэдзіне яго і здрада,
а з рынку яго ня выходзяць прыгнёт і ашуканства.
13 Калі б вораг зьневажаў толькі мяне,
дык я мог бы сьцярпець.
Калі б той, што мяне ненавідзець,
паўставаў на мяне,
дык я ад яго бы схаваўся. —
14 Але ты, чалавеча, ты — мой таварыш,
ты — мой давераны прыяцель.
15 З кім мы жылі ў шчырай дружбе,
з кім у дом Божы хадзілі ў народнай грамадзе. —
16 Каб жа сьмерць напала на іх!
Каб яны зыйшлі жывыя ў край сьмерці!
Бо злачынства жыве ў іхніх дамох і сярод іх.
17 Я ж буду клікаць да Бога
і Госпад мяне ўспаможа.
18 Увечары, раніцай дый у палудзень буду плакаць
і галасіць і Ён пачуе мой голас.
19 Ягоны супакой выбавіць душу маю ад тых,
што на мя настаюць, бо іх шмат супраць мяне.
20 Пачуе Бог і ўпакорыць іх той,
хто валадарыць адвечна,
бо ў іх няма паправы і не баяцца Бога.
21 Кожны падыймае рукі на сваіх таварышаў,
нарушаючы сваю ўмову.
22 Твар яго гладзейшы ад масла,
а ў сэрцы яго — варожасьць.
Іх гутарка лагадней ад алівы, але яны самі як голыя мячы.
23 Пакінь на Госпада тваю турботу,
а Ён цябе падтрымае.
Ніколі Ён ня можа дапусьціць,
каб захістаўся справядлівы.
24 Ты ж, Божа, папхнеш іх ў студню загубы:
людзі — крывасмокі ды здраднікі не датрываюць
да паловы дзён сваіх. —
А я на Цябе, Божа, спадзяюся!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 55

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.