Нацыянальная лямантацыя

1 Кіраўніку хору. Песьня сыноў Карэявых.
2 О, Божа! Мы чулі вушыма сваімі і бацькі нашы пераказалі нам:
аб справе, якую Ты даканаў рукою сваею ў іхнія дні,
у дні старадаўнія.
3 Каб іх асадзіць, Ты выгнаў народы:
каб іх пашырыць, Ты зьнішчыў паганаў.
4 Бо ні сваім мячом яны здабылі зямлю,
ані іх рука не дала ім перамогі, а
правіца твая і рука твая і сьветласьць аблічча твайго,
бо Ты іх мілаваў.
5 Гэта ты, мой Цар і Божа! Ты даваў перамогу Якубу.
6 Праз цябе мы прагналі нашых праціўнікаў
і ў тваё Імя ворагаў нашых растапталі.
7 Бо ні на свой лук я спадзяваўся
і ня меч мой даваў перамогу.
8 А праз цябе мы паканалі нашых праціўнікаў
і Ты нашых ворагаў пакрыў стыдам.
9 Штодзень мы хвалімся Богам і славім заўсёды Імя тваё.
10 Але ж ты мяне адкінуў і заўстыдізуў і
ня йдзеш больш разам з нашым войскам.
11 Ты павярнуў нас наўцёкі перад праціўнікам,
а ворагі з радасьцяй нас рабавалі.
12 Ты аддаў нас, як авечкі, каб нас пелі
і расцярушыў нас між паганамі.
13 Ты прадаў свой народ вельмі танна і не збагацеў праз гэта.
14 Ты аддаў нас на ганьбу нашым суседзям,
на насьмешку і лаянку вакольнаму люду.
15 Ты ў прыслоўе ўвёў нас між (народамі),
а пагане ківаюць галовамі над намі.
16 Ганьба мая ўсьцяж стаіць перад маімі вачыма
і ўстыд пакрывае аблічча маё,-
17 Ад голасу тых, што кідаюць зьнявагі і блюзьнерствы,
ад вачэй ворага і мсьціцеля,-
18 Усё гэта звалілася на нас, хоць мы Цябе не здрадзілі,
19 Ані сэрцы нашыя не адвярнуліся,
ані нашыя ногі не адхіліліся ад сьцежкі тваей,
20 Калі Ты скрышыў нас у зямлю шакалаў
і атуліў нас сьмяротнай цемрай.
21 Калі б мы забыліся Імя нашага Бога
і выцягвалі да бога чужога,
22 Ці ж бы Бог не заўважыў гэтага?
Ён, які ведае сакрэты сэрца?
23 А дзеля Цябе забіваюць нас штодня,
бо нас лічаць за авец на зарэз.
24 Паўстань! Што сьпіш, Госпадзе?
Прачхніся, не пакідай нас навекі!
25 Чаму Ты хаваеш аблічча тваё?
Забываеш наш уціск і гора нашае.
26 Бо нашая душа ўкінена ў пыл,
а нашае цела прыліпла да зямлі.
27 Паўстань, прыйдзі на ўспамогу нам
і выбаў нас дзеля міласьці тваей!

Каментары ці зноскі:

а) У пачатку псальму народ Ізраіля успамінае шчасьлівыя падзеі, калі Бог вёў яго праз пустыню і бараніў ад ворагаў і наагул даваў апеку, каб захаваць ад згубы. — Але вось ізноў надыйшоў пэрыёд няшчасьцяў, хоць народ трымаецца веры і пабожнасьці, а Госпад Бог як бы спаў і не бачыў, што дзеецца. — Дык псальміст прыклікае помачы і апекі ў Бога, каб “прабудзіўся і не адкідаў іх назаўсёды”.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 44

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.