Псалтыр 3 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Псальма Давіда, калі ён уцякаў ад Авэсалома, сына свайго.
Псальм Давідаў, калі ўцякаў ад свайго сына Абсалома.
Госпадзе! — як пабольшала ворагаў маіх! як многа іх на мяне паўстае!
Божа, як жа многа тых, што непакояць мяне, як шмат бунтуюцца супраць мяне!
Шмат каторыя кажуць душы маёй: «Няма яму ў Богу ратунку!»
Многія вось кажуць душы маёй: «Няма яму збаўлення ў Богу».
Але Ты, Госпадзе, — шчыт перада мною, слава мая, і Ты ўзносіш маю галаву.
Ты ж, Госпадзе, Божа, шчыт мой, хвала мая Ты, галаву падымаеш мне ўверх.
Сваім голасам клічу да Госпада, — і Ён чуе мяне са сьвятое гары Свае.
Клічам сваім прызываў я Госпада. І выслухаў Ён мяне з гары Сваёй святой.
Кладуся я, сплю і ўстаю, бо Гасподзь абараняе мяне.
Я лёг і выспаўся, устаў, бо Госпад ахоўвае мяне.
І не збаюся я процьмы людзей, што адусюль аблажылі мяне.
Не збаюся і тысячы людзей, што навокал мяне абступілі.
Паўстань, Госпадзе! ацалі мяне, Божа мой! бо Ты б’еш маіх ворагаў па шчацэ, зубы грэшнікам крышыш.
Узніміся, Госпадзе! Ухавай мяне, Божа мой! Бо па шчацэ даў Ты ўсім супраціўнікам маім, павыбіваў Ты зубы грэшнікам.
Ратунак у Госпадзе. Над народам Тваім дабраслаўленьне Тваё.
У Бога бо збаўленне, і дабраславенне Тваё Твайму народу!