2 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Паўла і Сілуан і Цімахве́й — царкве́ Фесалонікійцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце́:
Павал, і Сілуан, і Цімафей — царкве Тэсалонцаў у Богу Айцу нашым і Госпадзе Ісусе Хрысьце:
Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як дастойна, бо вырастае ве́льмі ве́ра ваша і павяліча́ецца любоў кожнага з усіх вас аднаго да аднаго.
Заўсёды павінны мы дзякаваць Богу за вас, браты, як належыцца, бо моцна ўзрастае вера вашая і памнажаецца любоў кожнага адзін да аднаго між усімі вамі,
Так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых, за цярплівасьць вашу і ве́ру ў-ва ўсіх перасьле́даваньнях вашых і смутках, якія вы маеце,
так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля цярплівасьці вашай і веры ў-ва ўсіх перасьледаваньнях вашых і прыгнётах, якія вы пераносіце,
на доказ справядлівага суда Божага, каб вам быць вартымі Царства Божага, дзеля якога і мучыцеся.
на выяўленьне праведнага суду Божага, каб вам быць вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і пакутуеце.
Бо справядліва ў Бога аддаць суму тых, што вам суму задаюць,
Бо праведна перад Богам аднагарадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,
а вам, сумуючым, патолю (даць) разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з не́ба з Ангеламі сілы яго,
а вам, прыгнятаным, — патоляй разам з намі ў адкрыцьці Госпада Ісуса з неба з анёламі сілы Яго,
у палане́ючым агні даючы адплату непазнаўшым Бога і непакарыўшымся Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Які ў полымі агню зьдзяйсьняе помсту над тымі, што ня ведаюць Бога і не паслухмяныя Эвангельлю Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Яны прымуць ка́ру, ве́чную загубу, ад аблічча Госпада і ад славы сілы Яго,
Яны атрымаюць прысуд — вечнае зьнішчэньне, ад аблічча Госпада і ад славы магутнасьці Яго,
як Ён прыдзе ўславіцца ў сьвятых сваіх і задзівіць усіх ве́руючых (бо вы паве́рылі нашаму сьве́дчаньню) у дзе́нь гэны.
калі Ён прыйдзе ўславіцца ў сьвятых Сваіх і стацца дзівосным у дзень той у-ва ўсіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сьведчаньню сярод вас.
Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі прызваньня і выпаўніў усякую спагаднасьць ласкавасьці і дзе́ла ве́ры ў сіле,
Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас дастойнымі пакліканьня і споўніў з моцаю ўсякае ўпадабаньне добрасьці і справу веры,
каб уславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, праз ласку Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
каб праславілася імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.