Псалтыр 6 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Кіраўніку хору: на васьміструнным. Псальм Давідавы.
 

Ягова! дакарай мяне ня ў гневе Тваім і ня ў ярасьці Тваёй карай мяне!
 

Зьлітуйся нада мною, Ягова, бо я нямоглы; вылячы мяне, Ягова, бо трымцяць косьці мае,
 

І душа мая надта ўстрывожана. А Ты, Ягова, дакуль?
 

Агляніся, Ягова, вызвалі душу́ маю, выратуй мяне дзеля міласэрнасьці Тваёй!
 

Бо ў сьмерці няма́ памята́ньня аб Табе, і ў магіле хто будзе Цябе славіць?
 

Змучыўся я ад стагнаньняў маіх; штоноч пла́чу я на ложку маім і паліваю сьлязьмі пасьцель маю.
 

Ад тугі запала вока маё, састарэлася ад мноства перасьледавацеляў маіх.
 

Адступіцеся ад мяне, ўсе злачынцы! Бо Ягова чуе голас плачу майго.
 

Ягова чуе маленьне маё; Ягова прыймае малітву маю.
 

Асаромленымі будуць усе ворагі мае ды моцна адпіхнутымі: яны павернуцца назад і у міг будуць асаромлены.