Псалтыр 26 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Давідавы. Судзі мяне (паводля праўды), Ягова, бо я хадзіў у чысьціні маёй. І я спадзяюся на Ягову. Я ня пахіснуся.
 

Учыні мне іспыт, Ягова, і выпрабуй мяне. Дасьледуй маё нутро і маё сэрца! —
 

Бо міласэрнасьць Твая перад вачыма маімі, і хадзіў я ў праўдзе Тваёй.
 

Ня сядзеў я зь людзьмі аблуднымі, і з тымі, што за сьпіной куюць падступнасьць, ня пайду.
 

Нянавіджу я зборкі зламысных, ды з бязбожнікамі разам ня буду сядзець.
 

Буду абмываць у нявіннасьці рукі мае і буду абходзіць навакол ахвярніку Твайго, Ягова,
 

каб голасна падзякаваць і расказаць пра ўсе Твае цуды.
 

Ягова, я палюбіў жытло Дому Твайго і мейсца, дзе жыве Твая слава.
 

Ня загубі душу́ маю з грэшнікамі і жыцьцё маё з крыважэрнымі.
 

У чыіх руках ліхадзейства, і чыя правіца поўная ха́бару.
 

Але я хаджу ў маёй чысьціні. Вызвалі мяне і зьлітуйся нада мною!
 

Стапа мая стаіць на роўным мейсцы; у сходах я буду славіць Ягову.