Псалтыр 26 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Давіда. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, бо хадзіў я ў беззаганнасьці маёй і на ГОСПАДА спадзяваўся, не хістаючыся.
 

Выпрабуй мяне, ГОСПАДЗЕ, і дасьведчы; ачысьці ныркі мае і сэрца маё!
 

Бо міласэрнасьць Твая перад вачыма маімі, і я хаджу ў праўдзе Тваёй.
 

Я не сяджу з людзьмі марнымі, і з крывадушнымі ня буду хадзіць.
 

Я ненавіджу сходы злачынцаў, і з бязбожнікамі ня буду сядзець [разам].
 

Я абмыю ў нявіннасьці рукі мае і абыйду вакол ахвярніку Твайго, ГОСПАДЗЕ,
 

каб голасна дзякаваць Табе і абвяшчаць усе цуды Твае.
 

ГОСПАДЗЕ, я палюбіў сядзібу Дому Твайго і месца Сялібы славы Тваёй.
 

Не забяры душы маёй з грэшнікамі, ані жыцьця майго з людзьмі крывавымі,
 

у руках якіх брыдота, правіца якіх напоўнена хабарамі.
 

А я буду хадзіць у беззаганнасьці маёй. Вызвалі Ты мяне і зьлітуйся нада мною!
 

Нага мая на роўным [месцы] стаіць; у зграмаджэньнях я буду дабраслаўляць ГОСПАДА.