Псалтыр 116 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Люблю ГОСПАДА, бо Ён пачуў голас мой і маленьне маё,
бо Ён прыхіліў да мяне вуха Сваё ў дзень, калі я клікаў [Яго].
Ахапілі мяне путы сьмерці; мукі пякельныя адшукалі мяне; я знайшоў трывогу і смутак.
І паклікаў я імя ГОСПАДА: «Выратуй, прашу, ГОСПАДЗЕ, душу маю!»
Літасьцівы ГОСПАД і праведны, наш Бог міласьцівы.
ГОСПАД захоўвае неразумных; і калі зьнемагаю, Ён ратуе мяне.
Вярніся, душа мая, да супачынку твайго, бо ГОСПАД робіць добрае табе.
Бо Ты выратаваў душу маю ад сьмерці, вочы мае — ад сьлёзаў, ногі мае — ад падзеньня.
Буду хадзіць перад абліччам ГОСПАДА ў зямлі жывых.
Я веру, дык гавару: «Я моцна прыгнечаны».
Я сказаў у зьбянтэжанасьці маёй: «Усе людзі хлусяць!»
Што я вярну ГОСПАДУ за ўсе дабрадзействы Ягоныя для мяне?
Келіх збаўленьня ўзьніму і імя ГОСПАДА буду клікаць.
Абяцаньні мае ГОСПАДУ споўню перад усім народам Ягоным.
Каштоўная ў вачах ГОСПАДА сьмерць багабойных Ягоных.
О ГОСПАДЗЕ! Я ж — слуга Твой, я — слуга Твой, сын служкі Тваёй! Ты разьбіў кайданы мае.
Табе ахвярую ахвяру падзякі і імя ГОСПАДА буду клікаць.
Абяцаньні мае ГОСПАДУ споўню перад усім народам Ягоным,
у панадворках Дому ГОСПАДА, пасярод цябе, Ерусаліме! Альлелюя!