Псалтыр 51 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давіда,
 

калі прарок Натан прыйшоў да яго пасьля таго, як ён увайшоў да Батшэвы.
 

Зьлітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасьці Тваёй, і праз вялікую літасьць Тваю даруй правіны мае!
 

Абмый мяне ўсяго ад беззаконьня майго і ачысьці мяне ад грэху майго.
 

Бо я ведаю правіну маю, і грэх мой перада мною заўсёды.
 

Супраць Цябе, толькі супраць Цябе саграшыў я і ліхое ўчыніў перад вачыма Тваімі, бо Ты праведны ў словах Тваіх і чысты ў судзе Тваім.
 

Вось, я ў беззаконьні нарадзіўся, і ў грэху зачала мяне маці мая.
 

Вось, Табе даспадобы праўда ў нутры, дык дай мне пазнаць мудрасьць у сэрцы маім.
 

Акрапі мяне ізопам, каб я ачысьціўся; абмый мяне, каб я стаўся бялейшым за сьнег.
 

Дай мне пачуць радасьць і вясёласьць, каб узьвесяліліся косткі, якія Ты скрышыў.
 

Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і прабач мне ўсе беззаконьні мае.
 

Сэрца чыстае ствары ў-ва мне, Божа, і дух упэўнены аднаві ў-ва мне.
 

Не адкінь Ты мяне ад аблічча Твайго і Духа Сьвятога Твайго не забірай у мяне!
 

Вярні мне радасьць збаўленьня Твайго, і духам шляхетным падтрымай мяне,
 

і я буду навучаць адступнікаў шляхам Тваім, і грэшнікі вернуцца да Цябе.
 

Вызваль мяне ад [віны] за кроў, Божа, Бог выратаваньня майго, і язык мой будзе крычаць пра праведнасьць Тваю.
 

Адчыні, Госпадзе, вусны мае, і вусны мае будуць абвяшчаць хвалу Тваю.
 

Бо Ты не жадаеш ахвяраў, хоць бы я іх даў, і цэласпаленьні не даспадобы Табе.
 

Ахвяра для Бога — скрышаны дух; сэрцам скрышаным і зламаным Ты, Божа, не пагарджаеш!
 

Рабі добрае Сыёну паводле ласкі Тваёй, збудуй муры Ерусаліму.
 

Тады будуць Табе даспадобы ахвяры праведнасьці, цэласпаленьні і ахвяры дасканалыя; тады быкоў узьнясуць на ахвярнік Твой.