Псалтыр 148 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Хваліце вы Ягову! Хваліце вы Ягову зь Нябёсаў. Хваліце Яго ў Вышынях.
Хваліце Яго, усе Ангелы Ягоныя. Хваліце Яго, усе войскі Ягоныя.
Хваліце Яго, сонца і месяц. Хваліце Яго, усе зьзяючыя зоркі.
Хваліце Яго, Нябёсы нябёсаў, і (вы) воды, якія вышэй нябёсаў.
Няхай яны хваляць Імя Яговы, бо Ён загадаў, і яны былі створаны,
і Ён паставіў іх назаўсёды і навечна. Ён даў Статут, і ніводзін яго ня пераступіць.
Хваліце Ягову ад зямлі вялікія марскія стварэньні і ўсе водныя глыбіні,
агонь і град, сьнег і туман, навальнічны вецер, які выпаўняе Слова Ягонае,
горы і ўсе ўзгоркі, дрэвы плодныя і ўсе кедры,
зьвер і ўсякая жывёла, паўзуны і птушкі крылатыя,
каралі зямлі і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі зямлі,
юнакі і таксама дзяўчаты, старыя разам з моладзьдзю.
Хай хваляць яны Імя Яговы, бо Ягонае Імя ёсьць высока ўзьнесена, Яго Аднаго. Веліч Ягоная над зямлёй і нябёсамі.
І Ён узвышае рог народу Свайго, хвалу дзеля Ягоных сьвятых, дзеля сыноў Ізраэля, народу блізкага Яму. Хваліце вы Ягову!