Да Філімона 1 разьдзел

Пасланьне да Філімона
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат — Хвілімону любаснаму і супрацоўніку нашаму,
 

і Аппіі любаснай, і Архіпу, сузмагару нашаму, і ўсёй тваёй дамовай царкве:
 

Багадаць вам і Мір ад Бога Бацькі нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 

Дзякую Богу майму, заўсёды ўспамінаючы пра цябе ў малітвах маіх,
 

чуючы пра тваю веру і любоў, якую ты маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
 

каб супольнасьць веры тваёй аказалася чыннай у спазнаньні ўсякага дабра ў вас у Хрысьце Ісусе.
 

Бо мы маем вялікую радасьць і суцяшэньне ў тваёй любові, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.
 

Таму, маючы вялікую адвагу ў Хрысьце загадваць табе, што належыць, —
 

але праз любоў лепей прашу, і ніхто іншы, а я, Паўла, стары, а цяпер яшчэ і вязень Ісуса Хрыста, —
 

прашу цябе за сына майго, Анісіма, якога я нарадзіў у путах маіх.
 

Ён некалі быў табе бяскарысным, а цяпер ён карысны і мне, і табе;
 

я адсылаю яго да цябе; а ты прымі яго, як маё сэрца.
 

Я хацеў затрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне ў путах за Эвангельле.
 

Але бяз тваёй згоды я нічога ня хацеў зрабіць, каб тваё дабрадзейства было ня як прымусовае, але з добрае волі.
 

Бо магчыма ён дзеля таго на час адлучыўся, каб ты прыняў яго назаўсёды:
 

ужо ня як раба, але больш чым як раба, як брата любаснага, асабліва для мяне; а для цябе яшчэ больш — і па целу, і ў Госпадзе.
 

Дык калі ты маеш мяне за супольніка, то прымі яго, як мяне.
 

А калі ён цябе чым-небудзь пакрыўдзіў альбо што вíнен табе, залічы гэтае на мяне.
 

Я, Павал, напісаў гэта маёй рукой: я заплачу; каб ня казаць табе, што ты і самім сабою вінен мне.
 

Так, браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.
 

Будучы ўпэўненым у тваёй паслухмянасьці, я напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш больш за тое, пра што я гавару табе.
 

Адначасова (прашу): прыгатуй мне кватэру; бо спадзяюся, што дзякуючы малітвам вашым я буду падараваны вам.
 

Вітаюць цябе Эпахрас, які зьняволены разам са мною ў Хрысьце Ісусе,
 

Марк, Арыстарх, Дзімас, Лукаш, супрацоўнікі мае.
 

Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.