Псалтыр 144 псалом
Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Давідавы. (Хай будзе) багаславёны Ягова, Скала мая, Які навучае рукі мае да бойкі, пальцы мае да вайны:
мая Міласэрнасьць і мая Цытадэль, мая высокая Вежа і мой Выратавальнік, мой Шчыт і Той, у Каго я бяру прытулак, Які ўпакорвае мне мой народ!
О Ягова, што ёсьць чалавек, што Ты яго вызнаеш, сын чалавечы, што Ты зважаеш на яго?
Чалавек падобны да марнасьці; дні ягоныя, як цень мінаючы.
О Ягова, нахілі Нябёсы Твае і сыйдзі. Дакраніся да гораў, і яны задымяцца.
Блíсьні маланкаю і расьцярушы іх, пусьці стрэлы Твае і зьбянтэжы іх!
Выцягні Руку Тваю з вышыні. Вырві мяне і ўратуй мяне з водаў вялікіх, із рукі сыноў чужакоў.
Чый рот гаворыць хвальш, правіца іхная ёсьць правіца ілжы.
Божа, буду сьпяваць Табе песьню новую, на дзесяціструннай псалтыры буду іграць Табе,
Які даеш збаўленьне каралём, Які слугу Свайго Давіда збаўляеш ад меча ліхога.
Вырві Ты мяне і ўратуй мяне ад рукі сыноў чужынца, чый рот гаворыць хвальш, правіца іхная ёсьць правіца ілжы,
хай сыны нашыя будуць, як саджанцы збуялыя ў іхным юнацтве, дочкі нашыя падобны вуглавым слупам прыгожа выразаным на ўзор палаца,
хай сьвірны нашыя будуць поўнымі і выдаюць еміну ўсялякага роду, хай авечкі нашыя плодзяцца тысячамі і дзясяткамі тысячаў на палетках (пасьвішчах) нашых,
хай нашае быдла будзе сытае і бяз хваробаў, і хай ня будзе енку на вуліцах нашых.
Шчасьлівы народ, які гэта мае. Шчасьлівы народ, Бог якога ёсьць Ягова.