Псалтыр 105 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Слаўце Госпада, прызывайце імя Яго! Абвяшчайце між народамі дзеяньні Яго!
 

Сьпявайце Богу, выслаўляйце Яго! Апавядайце аб усіх цудах Ягоных!
 

Хвалецеся імем Яго сьвятым; няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць Госпада.
 

Шукайце Госпада й сілу Яго, шукайце ўсьцяж аблічча Ягонае!
 

Прыпамінайце цуды Яго, якія зрабіў, знакі Яго і прысуды вуснаў Ягоных.
 

Вы, Аўраамава семя, рабы Яго, сыны Якубавы, выбранцы Яго!
 

Ён, Госпад, — Бог наш; суды Яго над усенькай зямлёй.
 

Навекі памятае Ён запавет Свой: слова, што на тысячу пакаленьняў запаведаў,
 

умову Сваю з Аўраамам ды прысягу Сваю Ізааку.
 

І паставіў Якубу яе, як закон, і Ізраілю, як вечны запавет,
 

кажучы: Табе Я дам зямлю Канаанскую, як долю ў спадчыне вашай,
 

калі іх было йшчэ мала на лік, вельмі мала, і яны там былі прыхаджалымі,
 

і пераходзілі ад народу к народу, ад аднаго царства да другога народу.
 

Нікому ў крыўду Ён іх не даваў, дзеля іх цароў Ён караў,
 

кажучы: Не чапайце памазанцаў Маіх і прарокам Маім крыўды ня робце!
 

І, як Ён голад наслаў на зямлю ды кожну сьцяблінку збожжа зьніштожыў,
 

дык наперад ужо паслаў чалавека: Язэп быў прададзены ў рабства.
 

Ногі яго зашчамілі ў калоду, у зялеза скавалі яго
 

аж да часу, калі зьдзейсьнілась слова ягонае, слова Госпада зьявіла чыстасьць яго.
 

Тады цар паслаў, каб звольніць яго, валадар народаў вызваліў яго
 

і паставіў гаспадарам над домам сваім і загадчыкам над усенькім дабром сваім,
 

каб магнатаў вучыў, як душы зажадалася, ды старшыняў мудрасьці сваёй навучаў.
 

І прыйшоў Ізраіль уЭгіпт, і асеў Якуб у зямлі Хамавай.
 

І Бог Свой народ учыніў вельмі плодным і зрабіў яго дужэйшым за ўціскаўшых яго.
 

У сэрцы-ж гэных ненавісьць збудзіў да народу Свайго, на рабоў Сваіх напастлівасьць.
 

Ён паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, што выбраў Сабе.
 

Ён зрабіў праз іх Свае цуды й знаменьні Свае ў зямлі Хамавай.
 

Ён цемру паслаў, і цёмна зрабілася, а яны ўсё працівілісь слову Ягонаму.
 

Дык воды іхнія ў кроў абярнуў і рыбы ў іх вымарыў.
 

Зямля іх ад жаб зараілася навет у хорамах царскіх.
 

Загадаў, і кузурак розных наляцела, аваднёў ды камароў — у-ва ўсіх іхніх межах.
 

Заместа дажджу даў ім град, на зямлю іх агонь палючы паслаў.
 

Пабіў вінаград іх і смакоўніцы іхнія і дрэвы ў межах іх паламаў.
 

Загадаў, і прыйшла саранча ды гусеніц безьліч.
 

Яны ўсе расьліны пажэрлі ў зямлі іх, паелі плады з іх палёў.
 

І ўсіх першакоў у зямлі іх пабіў, зачаткі ўсенькае сілы іх.
 

А іх вывеў з срэбрам ды золатам, і ня было ў іх родах нядужага.
 

Эгіпт цешыўся з выхаду іхняга, бо зьняў іх страх перад імі.
 

Ён хмару ім разгарнуў на заслону ды агонь, каб ноч асьвятляць.
 

Зажадалі, і ім перапёлак прывёў і хлебам карміў іх нябесным.
 

Ён скалу расшчапіў, і люнулі воды, і ракой пацяклі па ссохлай зямлі.
 

Бо прыпомніў Ён слова сьвятое Сваё да Аўраама, раба Свайго,
 

вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у вясёласьці.
 

І даў ім зямлю народаў, і тым, што народы трудом прыдбалі, заўладалі яны,
 

каб спаўнялі загады Ягоныя і закон Яго каб хавалі. Альлілуя!