Псалтыр 33 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Псальм Давідавы.Радуйцеся ў Госпадзе, пабожныя; справядлівым выпадае выхваляць Яго.
Слаўце Госпада на гусьлях, іграйце Яму на арфе дзесяціструннай!
Сьпявайце Яму новую песьню; крэпка ўдарайце па струнах пры радасных гуках!
Бо праўдзівае слова Гасподняе, і ўсе ўчынкі Ягоныя верныя.
Праўду і справядлівасьць любіць Ён; ласкай Гасподняй напоўнена зямля.
Словам Гасподнім створаны нябёсы, подыхам вуснаў Ягоных усе войскі іх.
Ён воды марскія зьбірае, быццам у мех, Ён кладзе іх на схоў.
Няхай усенька зямля баіцца Госпада, няхай усе жыхары сусьвету дрыжаць перад Ім.
Бо Ён даў загад — і сталася, Ён сказаў — і зьявілася.
Госпад разьбіў мяркаваньні паганаў, зьнішчыў замыслы народаў.
Прысуд Гасподні вякі трывае, думкі сэрца Ягонага із роду ды ў род.
Шчасьлівы народ, Богам якога ёсьць Госпад, — народ, што Ён выбраў на ўласнасьць Сабе.
З неба Госпад паглядае і бачыць усіх сыноў чалавечых;
з пасаду Свайго Ён глядзіць на ўсіх жыхараў зямлі.
Сэрца кожнага з іх Ён стварыў, на ўсе ўчынкі іх Ён зважае.
Ня множствам войска цар перамагае, ня сіла вялікая бароніць волата:
ашукаецца той, што жджэ ад каня перамогі, і ня выратуе яго веліч сілы ягонай.
Запраўды, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, хто спадзяецца на ласку Ягоную,
што іх душы ад сьмерці Ён вызваліць, а падчас галадухі жывымі іх захавае.
Чакае душа наша Госпада: Ён — помач нам і Ён — шчыт паш.
Але, у Ім радуецца сэрца нашае; але, мы на імя Яго сьвятое спадзяемся.
Ласка Твая, Госпадзе, хай так будзе над намі, як мы на Цябе спадзяемся!