1 Псалом Давіда перад памазаньнем. Госпад — сьвятло маё і Збаўца мой: каго мне баяцца? Госпад — ахоўнік жыцьця майго: ад каго мне быць у жаху?
2 Калі набліжаліся да мяне злачынцы, каб зьесьці цела маё, — прыгнятальнікі мае і ворагі мае — яны зьнемагліся і ўпалі.
3 Таму, калі выстраіцца полк супраць мяне, сэрца маё не збаіцца; калі пойдуць на мяне з вайною, на тое самае спадзяюся.
4 Аднаго прасіў я ў Госпада, таго буду шукаць: каб мне жыць у доме Гасподнім праз усе дні жыцьця майго, каб сузіраць красу Гасподнюю і наведваць храм Яго.
5 Бо ў дзень бяды маёй Ён схаваў мяне ў шатры сваім, даў прытулак у тайным месцы жыльля свайго, на скале паставіў мяне.
6 І вось цяпер Ён узьняў галаву маю на ворагаў маіх. Я абышоў вакол і прынёс ахвяру хвалы ў шатры Яго. Буду апяваць і праслаўляць Госпада.
7 Пачуй, Госпадзе, голас мой, якім я клікаў; зьмілуйся нада мною і выслухай мяне.
8 Сэрца маё сказала Табе: «Госпада шукаць буду». Твар мой шукаў Цябе; твар Твой, Госпадзе, буду шукаць.
9 Не адвяртай твару Твайго ад мяне і не ўхіляйся ў гневе ад слугі Твайго. Будзь мне памочнікам, не адкінь мяне і не пакінь мяне, Божа, Збаўца мой.
10 Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, а Госпад мяне прыняў.
11 Закон дай мне, Госпадзе, на шляху Тваім і накіруй на простую сьцежку з увагі на ворагаў маіх.
12 Не аддай мяне на волю тых, што перасьледуюць мяне, бо няправедныя сьведкі паўсталі супраць мяне і няпраўда схлусіла сама сабе.
13 Веру, што ўбачу даброты Госпада на зямлі жывых.
14 Спадзявайся на Госпада: будзь мужны, і хай мацнее сэрца тваё, і ўскладай надзею на Госпада.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 26
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.