1 Псалом Давіда. Цябе, Госпадзе, буду клікаць: Божа мой, не адмоўчвайся ад мяне: бо будзеш адмоўчвацца ад мяне, і я стану падобным да тых, што сыходзяць у магілу.
2 Пачуй голас малітвы маёй, калі малюся Табе, калі ўздымаю рукі мае да храма сьвятога Твайго.
3 Не далучы мяне да грэшнікаў і не загубі мяне з тымі, што чыняць беззаконьне, што гавораць пра супакой з бліжнімі сваімі, а ў сэрцах іх злосьць.
4 Дай ім, Госпадзе, паводле ўчынкаў іх і паводле няшчырасьці намераў іх. Паводле ўчынкаў рук іх дай ім, аддай ім тое, што заслужылі.
5 Таму, што яны не зважалі на справы Гасподнія і на творы рук Яго, Ты зруйнуеш іх і не адбудуеш.
6 Блаславёны Госпад, бо Ён пачуў голас малітвы маёй.
7 Госпад — памочнік мой і ахоўнік мой: на Яго спадзявалася сэрца маё, і Ён дапамог мне, і расьцьвіло цела маё, і я ахвотна буду славіць Яго.
8 Госпад — сіла народу свайго і ахоўнік збаўленьня памазаньніка свайго.
9 Збаў людзей Тваіх, і блаславі набытак Твой, і пасі іх, і ўзвысь іх на вякі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 27
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.