1 Псалом. Сыном Карэевым. Другога дня тыдня.
2 Вялікі Госпад і вельмі праслаўлены ў месьце Бога нашага, на гары сьвятой Яго.
3 Добра ўкаранёныя на радасьць усёй зямлі горы Сыёнскія, паўночныя схілы іх — горад уладара вялікага.
4 У харомах яго Бог вядомы як той, хто ахоўвае яго.
5 Бо вось уладары зямлі сабраліся, сышліся разам;
6 убачыўшы, яны зьдзівіліся, сумеліся, усхваляваліся;
7 дрыготкі ахапілі іх там, болі, быццам парадзіху.
8 Бурным ветрам Ты скрышыш караблі тарсійскія.
9 Што чулі мы, тое і ўбачылі ў месьце Госпада сілаў, у горадзе Бога нашага: Бог заснаваў яго павек.
10 Мы ўспрынялі міласьць Тваю, Божа, сярод народу Твайго.
11 Як імя Тваё, Божа, так і хвала Твая — да канцоў зямлі. Правая рука Твая поўная справядлівасьці.
12 Хай цешыцца гара Сыён, і хай дочкі Юды радуюцца з судоў Тваіх, Госпадзе.
13 Абыдзіце Сыён і абдыміце яго, расказвайце пра яго на вежах яго,
14 ускладзіце сэрцы вашыя на магутнасьць яго і разгледзьце харомы яго, каб расказаць наступнаму пакаленьню.
15 Бо Ён Бог наш на век і на век вякоў: Ён будзе нам пастырам давеку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 47

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.