1 Кіраўніку хору. Пра таямніцы сына. Псалом Давіда.
2 Буду дзякаваць Табе, Госпадзе, ад усяго сэрца майго, апавядаць пра ўсе цуды Твае.
3 Буду радавацца і цешыцца ў Табе, буду апяваць імя Тваё, Усявышні.
4 Калі вораг мой паверне назад, яны зьнямогуцца і згінуць ад аблічча Твайго.
5 Бо Ты вырашыў суд мой і справу маю, Ты сеў на пасадзе, Судзьдзя справядлівы.
6 Ты прыгразіў народам — і згінуў бязбожны, імя яго Ты сьцёр на век і на век веку.
7 У ворага зброі зусім ня стала, і Ты зруйнаваў да канца месты яго; згінула памяць пра яго з шумам.
8 А Госпад павек прабывае. Ён падрыхтаваў для суду пасад свой
9 і будзе судзіць сьвет справядліва, будзе судзіць народы ў праведнасьці.
10 І стаў Госпад прытулкам для ўбогага, памочнікам у патрэбе, у бядзе.
11 Дык хай спадзяюцца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты, Госпадзе, не пакінуў тых, што шукаюць Цябе.
12 Сьпявайце Госпаду, які жыве на Сыёне, абвяшчайце сярод народаў учынкі Яго,
13 бо Той, хто спаганяе кроў іх, прыгадаў іх, не забыў просьбы ўбогіх.
14 Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, глянь на паніжэньне маё ад ворагаў маіх — Ты, што ўздымаеш мяне ад брамаў сьмерці,
15 каб мне абвяшчаць усю хвалу Тваю ў брамах дачкі Сыёну і цешыцца з Твайго збаўленьня.
16 Пагане трапілі пад зьнішчэньне, якое рыхтавалі: у тую пастку, якую схавалі, ублыталася нага іх.
17 Госпада пазнаюць праз суды, якія Ён чыніць; а грэшнік заблытаўся ва ўчынках рук сваіх.
18 Хай грэшнікі зыдуць у апраметную — усе народы, што Бога забылі.
19 Бо не назаўсёды будзе забыты бедны, цярплівасьць убогіх ня згіне да канца.
20 Устань, Госпадзе, хай не дужэе чалавек, хай стануць народы на суд перад Табою.
21 Пастаў, Госпадзе, заканадаўца над імі: хай ведаюць народы, што яны — людзі.
22 Чаму Ты, Госпадзе, стаў здалёку, раўнадушна глядзіш у добры час, у бядзе?
23 Калі бязбожны пышыцца, беднаму горача. Хай заблытаюцца яны ў хітрыках, якія задумалі,
24 бо яны хваляць грэшніка за пажадлівасьць душы яго, а нягодніка шчасьлівым завуць.
25 Разгневаў грэшнік Госпада, у бязьмежнай злосьці сваёй ён не шукае, ня мае Бога перад сабою.
26 Шляхі яго згубныя ў кожным часе, далёкія ад яго суды Твае, ён хоча завалодаць усімі ворагамі сваімі,
27 бо ён сказаў у сэрцы сваім: «Не пахіснуся, з роду ў род не зазнаю бяды».
28 Вусны яго поўныя праклёну, і горычы, і маны; пад языком у яго бяда і пакуты.
29 Сядзіць з багатымі ў засадзе потайкам, каб загубіць нявіннага, вочы яго сочаць за бедным.
30 Сочыць, затаіўшыся, быццам леў у логаве сваім, робіць засаду, каб беднага схапіць; схопіць беднага, уцягнуўшы яго ў сеці свае,
31 уціхамірыць яго, нахіліцца і прыпадзе, завалодаўшы бедным.
32 Бо сказаў у сэрцы сваім: «Забыў Бог, адвярнуў твар свой, каб ня бачыць нічога».
33 Устань, Госпадзе, Божа, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.
34 Чаму бязбожны разгнявіў Бога? Бо сказаў у сэрцы сваім: «Не спагоніць».
35 Ты бачыш, бо зважаеш на боль і гнеў, каб ім быць аддадзенымі ў рукі Твае: Табе пакінуты бедны, будзь памочнікам для сіраты.
36 Скрышы плячо грэшніку і нягодніку так, што будуць шукаць грэх яго і ня знойдуць.
37 Госпад — Уладар на век і на век вякоў: згіньце, пагане, з зямлі Яго!
38 Жаданьне ўбогіх выслухаў Госпад: вуха Тваё пачула гатовасьць сэрца іх
39 чыніць суд сіраце і прыгнечанаму, каб больш ня ўзносіўся чалавек на зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 9
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.