1 Хвалебная песьня Давіда, калі будаваўся дом пасьля палону. Сьпявайце Госпаду новую песьню; сьпявай Госпаду, уся зямля!
2 Сьпявайце Госпаду, блаславіце імя Яго, абвяшчайце дзень у дзень збаўленьне Яго;
3 расказвайце сярод народаў пра славу Яго, сярод усіх людзей — пра дзівосныя ўчынкі Яго!
4 Бо вялікі Госпад і вельмі праслаўлены, больш страшны за ўсіх багоў;
5 бо ўсе багі паганаў — дэманы, а Госпад нябёсы стварыў.
6 Хвала і краса перад Ім, сьвятасьць і веліч у сьвятыні Яго.
7 Прынясіце Госпаду, сем’і народаў, прынясіце Госпаду славу і пашану;
8 прынясіце Госпаду хвалу імю Яго, вазьміце ахвяры і ўваходзьце ў двары Яго;
9 пакланіцеся Госпаду ў двары сьвятым Яго: хай ускалыхнецца ад аблічча Яго ўся зямля!
10 Скажыце між народаў: «Госпад пануе!» — бо Ён умацаваў сусьвет, што не пахісьнецца. Ён будзе судзіць народы справядліва.
11 Хай радуюцца нябёсы, хай цешыцца зямля; хай захвалюецца мора і ўсё, што напаўняе яго.
12 Усьцешацца палі і ўсё, што на іх; усе дрэвы дубровы тады ўзрадуюцца
13 ад аблічча Госпада, бо вось Ён ідзе, ідзе судзіць зямлю.
14 Ён будзе судзіць сусьвет справядліва і людзей — згодна з праўдаю сваёю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 95

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.