1 Кіраўніку хору. Песьня ўстаньня. Усклікніце Госпаду, уся зямля,
2 сьпявайце імю Яго, аддайце славу хвале Яго!
3 Скажыце Богу: «Якія страшныя дзеяньні Твае! Дзеля велічы магутнасьці Тваёй лісьлівіць Табе будуць ворагі Твае».
4 Уся зямля хай паклоніцца Табе і пяе Табе, хай пяе імю Твайму, Усявышні!
5 Прыйдзіце і гляньце на ўчынкі Божыя: страшны Ён у пастановах сваіх пра сыноў людзкіх.
6 Ён перамяняе мора ў сушу: яны пяройдуць праз раку нагамі. Там будзем радавацца ў Тым,
7 хто ў магутнасьці сваёй пануе над векам. Вочы Яго глядзяць на народы: хай ня пышацца ў сабе тыя, што засмучаюць Яго.
8 Блаславіце, народы, Бога нашага, і зрабіце чутным голас хвалы Таму,
9 хто пры жыцьці душу маю трымае і не дае спатыкнуцца нагам маім.
10 Бо Ты, Божа, выпрабаваў нас, ачысьціў нас агнём, як ачышчаюць срэбра:
11 Ты завёў нас у пастку, усклаў няшчасьці на нашыя плечы,
12 пасадзіў людзей на нашыя галовы. Мы прайшлі праз агонь і ваду, і Ты вывеў нас да супакою.
13 Увайду ў дом Твой з цэлапаленьнямі і споўню перад Табою абяцаньні мае,
14 што выказалі губы мае і прамовілі вусны мае ў горы маім.
15 Прынясу Табе тлустыя цэлапаленьні з кадзілам і баранамі; валоў з казламі прынясу Табе.
16 Прыйдзіце, паслухайце ўсе вы, што баіцеся Бога, і я раскажу вам, што ўчыніў Ён для душы маёй.
17 Я клікаў Яго вуснамі маімі і ўзьвялічваў Яго языком маім.
18 Калі б я ўбачыў у сэрцы маім няпраўду, дык хай Госпад ня выслухае мяне.
19 Але Бог выслухаў мяне, пачуў голас малітвы маёй.
20 Блаславёны Бог, які не адхіліў малітвы маёй і міласьці сваёй ад мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 65

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.