1 Павучальная песьня Ефаму ізраільцяніну.
2 Вавек буду сьпяваць пра міласьці Твае, Госпадзе, вуснамі маімі буду абвяшчаць праўду Тваю з пакаленьня ў пакаленьне.
3 Бо Ты сказаў: «Навек заснаваная будзе міласьць. У небе ўмацуецца праўда твая.
4 Я склаў запавет з выбранымі Маімі, кляўся Я Давіду, слугу Майму:
5 навек захаваю семя тваё, пасад твой умацую з пакаленьня ў пакаленьне».
6 Нябёсы праславяць цуды Твае, Госпадзе, і праўду Тваю — на сходзе сьвятых.
7 Бо хто на хмарах зраўняецца з Госпадам? І хто сярод сыноў Божых прыпадобніцца да Госпада?
8 Бог, праслаўлены ў радзе сьвятых, вялікі і грозны для ўсіх, што вакол Яго.
9 Госпадзе, Божа сілаў, хто падобны да Цябе? Магутны Ты, Госпадзе, і праўда Твая навокал Цябе.
10 Ты пануеш над сілаю мора, сунімаеш бушаваньне хваляў яго.
11 Быццам параненага, так Ты ўпакорыў пыхлівага; плячом магутнасьці Тваёй Ты разагнаў ворагаў Тваіх.
12 Твае нябёсы і Твая зямля; Ты ўмацаваў сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.
13 Ты стварыў поўнач і мора; Табор і Гермон у імі Тваім узрадуюцца.
14 Магутнае плячо Тваё: хай мацнее рука Твая і хай уздымецца правіца Твая.
15 Справядлівасьць і суд — аснова пасаду Твайго; міласьць і праўда пойдуць перад абліччам Тваім.
16 Шчасьлівы народ, які ўмее радасна ўсклікаць: у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе, яны хадзіць будуць,
17 і імем Тваім будуць цешыцца ўвесь дзень, і справядлівасьцю Тваёю ўзвысяцца.
18 Бо Ты — пахвала сілы іх, і Тваёй добрай воляю ўздымецца рог наш.
19 Бо дапамога — ад Госпада і ад Сьвятога Ізраіля, Уладара нашага.
20 У свой час Ты гаварыў сынам Тваім у відзежах і сказаў: «Я аказаў дапамогу дужаму, узьняў абраньніка з народу Майго.
21 Я знайшоў Давіда, слугу Майго, сьвятым алеем памазаў яго.
22 І вось рука Мая дапаможа яму, і плячо Маё ўмацуе яго.
23 Вораг ня зможа нічога супраць яго, і сын беззаконьня больш не пашкодзіць яму.
24 І разаб’ю ворагаў яго перад абліччам яго, і змушу да ўцёкаў тых, што ненавідзяць яго.
25 Праўда Мая і міласьць Мая з ім, і Маім імем рог яго ўзьнясецца.
26 Я пакладу руку яго на мора і правіцу яго — на рэкі.
27 Ён будзе клікаць Мяне: Ты Айцец мой, Бог мой і заступнік збаўленьня майго.
28 І Я пастаўлю яго першародным, вышэйшым за ўладароў зямлі.
29 Захаваю для яго міласьць Маю давеку і запавет Мой — верны яму.
30 І пастаўлю на век вякоў семя яго і пасад яго — як дні неба.
31 Калі ж сыны яго пакінуць мой закон і ня будуць хадзіць згодна з Маімі прыказаньнямі,
32 калі апаганяць пастановы Мае і не захаваюць запаветаў Маіх,
33 жазлом наведаю беззаконьні іх і ўдарамі — правіны іх,
34 але міласьці Маёй не адыму ад іх, і не адракуся ад праўды Маёй,
35 і не апаганю запавету Майго, і не забяру назад таго, што выйшла з вуснаў Маіх.
36 Раз кляўся Я сьвятасьцю Маёю: ці ж Давіду скажу няпраўду?
37 Семя яго павек будзе трываць, і пасад яго быццам сонца перада Мною
38 і як месяц, што створаны навекі і сьведка на небе верны».
39 Але вось Ты адкінуў і палічыў за нішто, скінуў памазаньніка Твайго,
40 парушыў саюз са слугою Тваім, паваліў на зямлю сьвятыню яго.
41 Ты зруйнаваў усе агароджы яго, страх што зрабіў з умацаваньнямі яго:
42 рабавалі яго ўсе, што праходзілі дарогаю, ён стаў прадметам кпінаў для суседзяў сваіх.
43 Ты ўзьняў правіцу прыгнятальнікаў яго, усьцешыў усіх ворагаў яго.
44 Ты адхіліў дапамогу сваю ад мяча яго і не падтрымаў яго ў бітве.
45 Ты адмовіў яму ў ачышчэньні, зрынуў пасад яго на зямлю.
46 Ты скараціў дні панаваньня яго, пакрыў яго сорамам.
47 Як доўга, Госпадзе, будзеш усё адвяртацца, як доўга будзе гнеў Твой гарэць, як агонь?
48 Прыгадай, якая сутнасьць істоты маёй: ці ж дарэмна стварыў Ты ўсіх сыноў людзкіх?
49 Хто той чалавек, што будзе жыць і ня ўбачыць сьмерці, што ўратуе душу сваю з рукі апраметнай?
50 Дзе, Госпадзе, Твае даўнія міласьці, якімі Ты кляўся Давіду ў праўдзе Тваёй?
51 Прыгадай, Госпадзе, зьнявагу слугаў Тваіх, якую я захаваў у нутры маім, ад многіх народаў,
52 якою зьневажалі ворагі Твае, Госпадзе, якою зьнеслаўлялі заслугу памазаньніка Твайго.
53 Хай будзе блаславёны Госпад давеку! Хай так станецца! Хай так станецца!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 88

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.