1 Малітва ўбогага, які ў сваёй журбе моліцца Госпаду.
2 Госпадзе, пачуй малітву маю, і хай крык мой дойдзе да Цябе.
3 Не адвяртай твару Твайго ад мяне ў дзень, калі буду прыгнечаны; нахілі вуха Тваё да мяне: у дзень, калі буду клікаць Цябе, выслухай мяне хутка!
4 Бо дні мае счэзьлі, як дым, і прасохлі, як хвораст, косьці мае.
5 Я пакрыўся ржой, як трава, і высахла сэрца маё, бо я забыў есьці хлеб мой.
6 Ад голасу стогну майго прыліпла косьць мая да цела майго.
7 Я стаў падобны да пэлікана ў пустыні, быў быццам сава на руінах.
8 Я ня спаў і стаў як самотны верабей на страсе.
9 Увесь дзень ворагі мае зьневажалі мяне і тыя, што хвалілі, кляліся мною.
10 Бо я еў попел, як хлеб, і напой мой мяшаў са сьлязамі
11 з прычыны гневу Твайго і абурэньня Твайго, бо Ты, узьняўшы, кінуў мяне.
12 Дні мае, быццам цень, прамінулі, і я, як трава, высах.
13 Ты ж, Госпадзе, прабываеш давеку, і памяць Твая з роду ў род.
14 Устань і зьлітуйся з Сыёну, бо ўжо час зьлітавацца з яго, бо насьпела пара;
15 бо слугі Твае ўпадабалі камяні яго і шкада ім пылу яго.
16 І збаяцца народы імя Твайго, Госпадзе, і ўсе ўладары зямлі — хвалы Тваёй.
17 Бо Госпад збудуе Сыён і зьявіцца ў славе сваёй.
18 Ён глянуў прыхільна на малітву пакорных і не пагардзіў просьбаю іх.
19 Хай гэта будзе напісана для прышлага пакаленьня, і народ, які мае паўстаць, будзе хваліць Госпада.
20 Бо Госпад нахіліўся з вышыні сьвятога месца свайго, з неба на зямлю глянуў,
21 каб пачуць стогн палонных, вызваліць сыноў забітых,
22 каб яны абвясьцілі імя Госпада на Сыёне і хвалу Яго ў Ерусаліме,
23 калі зьбяруцца разам народы і ўладары, каб служыць Госпаду.
24 Адказаў ён Яму на шляху сілы сваёй: «Дай мне пазнаць, як мала засталося дзён маіх:
25 у палове дзён маіх не забяры мяне. Твае гады трываюць з пакаленьня ў пакаленьне».
26 Спачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — твор рук Тваіх;
27 яны прамінуць, а Ты застаесься; і ўсе яны, быццам вопратка, састарэюць, і Ты згорнеш іх, як покрыва, і яны зьменяцца,
28 Ты ж усё той самы, і гадáм Тваім няма канца.
29 Сыны слугаў Тваіх паселяцца, і павек умацуецца семя іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 101

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.