Псалтыр 148 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана
Алілуя. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях.
Алілуя! Агея і Захара. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях.
Хваліце Яго, усе анёлы Яго, хваліце Яго, усе магуцці Яго.
Хваліце Яго, усе анёлы Яго, хваліце Яго, усе сілы Яго.
Хваліце Яго, сонца і месяц, хваліце Яго, усе зоркі бліскучыя.
Хваліце Яго, сонца і месяц, хваліце Яго, усе зоркі і сьвятло.
Хваліце Яго, нябёсы нябёсаў, і ўсе воды, якія над небам.
Хваліце Яго, нябёсы нябёсаў і воды, што над нябёсамі.
Хваліце імя Госпада, бо загадаў Ён, і ўсё было створана;
Хай усе хваляць імя Гасподняе, бо Ён сказаў, і яны сталіся, Ён загадаў, і прыйшлі да быцьця;
устанавіў Ён гэта навечна і на векі вечныя, паклаў загад, і не зменіць [яго].
паставіў іх на век і на век вякоў: даў наказ, і ён не праміне.
Хваліце Госпада з зямлі, марскія драконы і ўсе бяздонні,
Хваліце Госпада ад зямлі, зьмеі і ўсе бездані,
агонь, град, снег, імгла, вецер навальнічны, які спаўняе слова Яго,
агонь, град, сьнег, лёд, бурны вецер, што спаўняеце слова Яго;
горы і ўсе ўзгоркі, дрэвы пладовыя і ўсе кедры,
горы і ўсе ўзгоркі, дрэвы пладаносныя і ўсе кедры;
дзікія звяры і ўсякая жывёла, паўзуны і птушкі крылатыя.
зьвяры і ўсе жывёлы, паўзуны і птушкі крылатыя.
Цары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе суддзі зямлі,
Уладары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі на зямлі,
юнакі і дзяўчаты, старыя з падлеткамі
юнакі і дзевы, старыя з маладымі
хай славяць імя Госпада, бо ўзвысілася імя аднаго Яго. Веліч Яго вышэй за неба і зямлю,
хай славяць імя Гасподняе, бо імя Яго адзінага праславілася: хвала Яго на зямлі і ў небе,
і ўзвысіў Ён рог народа Свайго. Песнь хвалы ўсім святым Яго, сынам Ізраэля, народа, які Яму блізкі. Алілуя.
і Ён уздыме рог народу свайго. Хвалебная песьня для ўсіх сьвятых Яго, сыноў Ізраіля, людзей, што набліжаюцца да Яго.