Псалтыр 5 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Кіраўніку хору. На флейце. Псальм Давідаў.
 
Кіраўніку хору. На духавых прыладах. Псалом Давіда.

Словы мае пачуй, Госпадзе; зразумей стагнанне маё,
 
Да словаў маіх прыслухайся, Госпадзе, зразумей крык мой;

узваж на голас клічу майго, Валадару мой і Божа мой! Бо я малю Цябе, Госпадзе:
 
будзь уважлівы да голасу маленьня майго, Уладару мой і Божа мой! Бо да Цябе, Госпадзе, памалюся.

раніцаю выслухай голас мой; раніцаю стану я перад Табою і буду чакаць.
 
На досьвітку пачуй голас мой, на досьвітку стану перад Табою і буду назіраць.

Бо Ты не такі Бог, якому падабалася б несправядлівасць, ліхі не паселіцца пры Табе,
 
Бо Ты не такі Бог, што жадае беззаконьня: нягоднік не паселіцца пры Табе,

і несправядлівыя не застаюцца перад вачамі Тваімі. Ненавідзіш Ты ўсіх, што чыняць беззаконнасць,
 
дый беззаконныя не ўстаяць перад Тваімі вачыма. Ты неўзьлюбіў усіх, што чыняць беззаконьне;

выгубіш усіх, якія гавораць няпраўду; мужам, прагным крыві і крывадушным, брыдзіцца Госпад.
 
Ты зьнішчыш усіх, што кажуць няпраўду: Госпад цураецца мужа крыві і няшчырага.

А я вось у мностве міласэрнасці Тваёй увайду ў дом Твой; пакланюся святому храму Твайму ў страху Тваім.
 
Я ж з вялікай ласкі Тваёй увайду ў дом Твой, пакланюся сьвятому храму Твайму ў страху перад Табою.

Вядзі мяне ў справядлівасці Тваёй дзеля ворагаў маіх, выраўняй дарогу Тваю перад маімі вачамі.
 
Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй вядзі мяне, дзеля ворагаў маіх выраўнуй шлях мой перад Табою.

Бо ў вуснах іх няма праўды, сэрца іх — пастка, горла іх — магіла адкрытая, робяць ліслівымі яны языкі свае.
 
Бо ў вуснах іх няма праўды, сэрца іх пустое, горла іх — магіла адкрытая, языкамі сваімі лісьлівілі.

Асудзі іх, Божа; хай прападуць ад задум сваіх; дзеля мноства злачынстваў іх выгані іх, бо яны ўгнявілі Цябе, Госпадзе.
 
Судзі іх, Божа, хай абернуцца ў нішто намеры іх, дзеля безьлічы бясчынстваў іх адкінь іх, бо яны засмуцілі Цябе, Госпадзе.

Пацешацца ўсе, што спадзяюцца на Цябе, будуць радавацца яны вечна. І ўмацуеш іх, і будуць ганарыцца Табою тыя, якія мілуюць імя Тваё.
 
І хай узрадуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе: яны будуць цешыцца давеку, і Ты паселісься сярод іх. І хваліцца будуць Табою ўсе, што любяць імя Тваё.

Бо Ты дабраслаўляеш справядлівага, Госпадзе, і добразычлівасцю, быццам шчытом, асланяеш яго наўкола.
 
Бо Ты, Госпадзе, блаславіш праведніка: быццам шчытом спагады Ты вянчаў нас.