Псалтыр 149 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Алілуя. Спявайце Госпаду песню новую, хвала Яму [гучыць] на зборы святых.
 
Алілуя! Сьпявайце Госпаду новую песьню: хвала Яго хай гучыць на зборах сьвятых.

Хай узвесяліцца Ізраэль з Тым, Хто стварыў яго, і сыны Сіёна хай узрадуюцца з Валадарствам сваім.
 
Хай радуецца Ізраіль у Тым, хто стварыў яго, і сыны Сыёну хай цешацца Уладаром сваім;

Хай хваляць імя Яго ў хоры, з бубнам і цытрай спяваюць псальмы Яму,
 
хай хваляць імя Яго карагодамі, хай пяюць Яму пад гукі бубнаў і гусьляў!

бо Госпад спагадны да народа Свайго і ўганаруе Ён пакорных збаўленнем.
 
Бо Госпад спагадае народу свайму і ўзвышае лагодных збаўленьнем.

Хай цешацца святыя славаю, хай весяляцца на ложах сваіх [застольных].
 
Усхваляцца сьвятыя ў славе, і ўзрадуюцца на ложах сваіх:

Праслаўленні Бога — у глотках іх, і мячы абасечныя — у руках іх,
 
узьвялічваньне Бога на вуснах іх, і мячы двусечныя ў руках іх,

каб учыніць помсту над паганамі, пакаранне над народамі,
 
каб учыніць адплату паганам і пакараньне народам,

каб у путы вязаць цароў, а князёў іх [вязаць] жалезнымі ланцугамі,
 
зьвязаць уладароў іх путамі, а вяльможаў іх кайданамі жалезнымі,

каб споўніўся на іх напісаны прысуд: гэта хвала ўсім святым Яго. Алілуя.
 
каб споўніць над імі прысуд напісаны. Гонар гэты будзе ўсім сьвятым Яго.