Ісаі 12 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

І ты скажаш у той дзень: «Услаўлю Цябе, Госпадзе, бо хаця разгневаўся Ты на мяне, але гнеў Твой супакоіўся і пацешыў Ты мяне.
 

Вось жа, Бог збаўлення майго! Буду мець давер і не буду баяцца, мужнасць бо мая і хвала мая — Госпад, і стаўся для мяне збаўленнем!»
 

Вы ж з радасцю чэрпаць будзеце ваду з крыніц збаўлення.
 

І скажаце вы ў той дзень: «Слаўце Госпада! Прызывайце імя Яго! Дайце пазнаць сярод народаў творы Яго, прыпамінайце, якое высакароднае імя Яго!
 

Спявайце Госпаду, бо велікадушна паступіў, хай гэта будзе вядома ва ўсім свеце.
 

Весяліся і спявай, што жывеш на Сіёне, бо вялікі пасярод цябе Святы Ізраэлеў!»