Ераміін Плач 4 разьдзел
Ераміін Плач
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
О, як счарнела золата, змянілася найчысцейшае золата. Раскінуты святыя камяні па вуглах усіх вуліц.
Высакародныя сыны Сіёна і дарагія, як чыстае золата, як жа палічаны яны за гліняныя гаршкі — працу рук ганчара?
Але ж нават шакалы падстаўляюць саскі і кормяць сваіх малых; а дачка народа майго жудасная, як страус на пустыні.
Прысох язык немаўляці да паднябення яго ў смазе, малыя хлеба прасілі, ды не было, хто б ім адламаў.
Тыя, што елі прысмакі, падалі на вуліцах, а тыя, што выхоўваліся ў пурпуры, ляжалі ў гноі.
Большай сталася злачыннасць дачкі народа майго, чым грэх Садома, які прапаў у адзін момант, і рукі не дакраналіся да яе.
Яе назарэі бялейшыя за снег, бялейшыя за малако, чырванейшыя целам за каралы, выгляд іх — як шафір.
Твар іх сцямнеў, як вугаль, і не пазнаць іх на плошчах; прысохла іх скура да касцей, высахла і зрабілася, як дрэва.
Шчаснейшыя забітыя мечам, чым памерлыя з голаду, бо гэтыя прападалі зняможаныя ад няплоднасці зямлі.
Рукі жанчын міласэрных варылі дзяцей сваіх, былі яны іх ежай у час загубы дачкі народа майго.
Споўніў Госпад гнеў Свой, выліў распал гневу Свайго; і распаліў на Сіёне агонь, які паглынуў падмуркі яго.
Не верылі валадары зямлі дый усе жыхары свету, што ўварвецца вораг і непрыяцель праз брамы Ерузаліма.
З прычыны грахоў яго прарокаў і ліхоты яго святароў, якія пасярод яго кроў справядлівых пралілі.
Цягаліся на плошчах, як сляпыя, крывёй спаганеныя так, што не мог ніхто дакрануцца да шатаў іх.
«Уцякайце! Ён нячысты! — крычалі перад імі, — Уцякайце прэч! Не дакранайцеся!» Калі ўцяклі яны ды бадзяліся, гаварылі між паганамі: «Не будзе іх больш, каб абжыліся яны».
Аблічча Госпада разагнала іх, на іх ужо Ён не паглядзіць: у аблічча святароў яны не ўглядаюцца і не літуюцца над старымі.
«Дакуль марнеюць нашы вочы, дарэмна чакаючы дапамогі! З вартавой вежы нашай выглядалі мы народ, які можа нас збавіць.
Яны цікавалі за крокамі нашымі, каб мы не хадзілі па плошчах нашых. Наблізіўся канец наш, споўніліся дні нашы; вось, прыходзіць канец наш.
Скарэйшымі былі пераследнікі нашы за арлоў паднебных; яны гналіся за намі праз горы, цікавалі на нас у пустыні.
Дух вуснаў нашых — Намашчэнец Госпадаў, схоплены ён у іх ямы, а мы аб ім казалі: “У яго засені будзем жыць між народамі”.
Цешся і весяліся, дачка Эдома, якая жывеш у зямлі Уц. І да цябе прыйдзе келіх, нап’ешся і аголішся.
Дачка Сіёна, ліха тваё споўнілася, на перасяленне не выганіць больш цябе, а карае Ён за ліхасць тваю, дачка Эдома, выяўляе грахі твае».