Лікі 36 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І прыйшлі кіраўнікі сем’яў пакалення сыноў Галаада, сына Махіра, сына Манасы, з роду сыноў Язэпа, і расказалі Майсею, і князям, і кіраўнікам пакаленняў Ізраэля:
 

«Табе, гаспадар наш, загадаў Госпад жэрабем падзяліць зямлю паміж сынамі Ізраэля і таксама даць уласнасць дочкам Салпаада, брата нашага;
 

калі яны будуць жонкамі якога з сыноў другога пакалення сыноў Ізраэля, то ўласнасць іх адымецца ад уласнасці бацькоў нашых і далучыцца да таго пакалення, у якім яны будуць жыць, а наша частка, атрыманая па жэрабі, зменшыцца.
 

І калі для Ізраэля настане год юбілейны, тады іх уласнасць будзе назаўсёды аддадзена пакаленню, да якога яна адышла, і ўласнасць пакалення нашых бацькоў паменшыцца на іх спадчыну».
 

Тады сказаў Майсей сынам Ізраэля па загадзе Госпада: «Справядліва сказала пакаленне сыноў Язэпа, і гэты закон
 

пастанавіў Госпад для дачок Салпаада: яны могуць ісці замуж за каго пажадаюць, але за мужчын свайго пакалення,
 

каб не пераходзіла ўласнасць сыноў Ізраэля з аднаго пакалення ў другое пакаленне; хай сыны Ізраэля трымаюцца ўласнасці пакалення бацькоў сваіх,
 

а кожная дзяўчына, як атрымае спадчыну ў якімсьці пакаленні, хай стане жонкаю аднаго з мужчын свайго пакалення, каб ізраэльцы захавалі спадчыну сваіх бацькоў
 

і каб спадчынная маёмасць не пераходзіла з аднаго пакалення ў другое; але пакаленні сыноў Ізраэля павінны трымацца спадчыны сваіх пакаленняў».
 

Дочкі Салпаада зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею,
 

і выйшлі замуж Маала, Тэрса, Хэгла, Мэлха і Ноа за сыноў дзядзькоў сваіх
 

з пакалення Манасы, сына Язэпа; і так іх уласнасць, якая ім была дадзена, засталася пры пакаленні і родзе бацькі іх.
 

Гэта настаўленні і прыказанні, якія даў Госпад праз Майсея сынам Ізраэля на раўнінах Мааба каля Ярдана насупраць Ерыхона.