Лікі 30 разьдзел

Лікі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І Майсей расказаў усё сынам Ізраэля, што яму Госпад загадаў,
 

і сказаў Майсей правадырам пакаленняў сыноў Ізраэлевых: «Вось што загадаў Госпад:
 

“Калі хто з мужчын дасць абяцанне Госпаду або звяжа сябе прысягай, няхай не парушыць слова сваё, але ўсё, што абяцаў, выканае.
 

Калі жанчына дасць абяцанне Госпаду або звяжа сябе прысягай, і яна яшчэ ў доме бацькі свайго і маладых гадоў,
 

то, калі бацька даведаецца аб абяцанні, што яна дала, або аб прысязе, якой яна звязала душу сваю, то хай маўчыць, бо яна звязана абяцаннем; усё, што яна абяцала і чым прысягала, хай споўніць на справе.
 

Калі ж бацька запярэчыць ёй у той дзень, калі пачуе аб гэтым, тады абяцанні і прысягі яе будуць марнымі; і ласкавы да яе будзе Госпад таму, што бацька запярэчыў.
 

Калі, аднак, выйдзе яна замуж і дасць якое-небудзь абяцанне, калі слова, выходзячы з вуснаў яе, звяжа прысягаю душу яе,
 

і калі ў той дзень пачуе гэта муж яе і не запярэчыць, — то яна будзе звязана абяцаннем і павінна будзе споўніць, што абяцала.
 

А калі ў той дзень пачуе муж і запярэчыць, то абяцанні яе і словы, якімі звязала душу сваю, будуць марнымі; і ласкавы да яе будзе Госпад.
 

Усё, што абяцалі ўдовы і разведзеныя, хай выконваюць.
 

Калі жонка ў доме мужа звязалася абяцаннем або прысягаю,
 

і калі аб гэтым даведаўся муж, і маўчаў, і не запярэчыў абяцанню, то няхай яна споўніць тое, што абяцала.
 

А калі ён адразу ж запярэчыў, то яна не будзе звязана прысягай, бо муж запярэчыў, і хай Госпад будзе ласкавы да яе.
 

Калі ж яна дасць абяцанне або прысягай звяжа сябе, каб праз устрыманне ўпакорыць душу сваю, ад волі мужа залежыць: ці споўніць яна гэта, ці не.
 

Калі ж муж, пачуўшы гэта, будзе маўчаць, і з дня на дзень будзе адкладаць свой прысуд, то ўсё, што абяцала і чым прысягала, яна павінна споўніць, бо муж пачуў аб гэтым у той дзень, але маўчаў.
 

Калі б ён запярэчыў праз нейкі час пасля таго, як даведаўся, няхай сам адказвае за сваю правіннасць”».
 

Вось законы, якія перадаў Госпад Майсею адносна мужа і жонкі, бацькі і дачкі, калі яна ў юнацтве яшчэ жыве ў доме бацькоў.