Да Рымлянаў 13 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Кожны чалавек няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, якая не была б ад Бога. Існуючая ўлада ўстаноўлена Богам.
Таму той, хто супраціўляецца ўладзе, супраціўляецца Божай пастанове, а тыя, хто супраціўляецца, самі на сябе наклічуць прысуд.
Бо кіраўнікі страшныя не для добрых спраў, але для дрэнных. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і атрымаеш пахвалу ад яе,
бо яна на служэнні ў Бога дзеля твайго дабра. Калі ж робіш зло, бойся, бо не надарма яна носіць меч. Гэта слуга Бога, і спасылае гнеў на таго, хто робіць зло.
Таму трэба падпарадкоўвацца не толькі з увагі на гнеў, але і з прычыны сумлення.
Дзеля гэтага вы і падаткі плаціце, бо тыя, хто няспынна выконвае гэтыя абавязкі, на служэнні ў Бога.
Аддавайце кожнаму тое, што яму належыць: каму падатак — падатак; каму мыта — мыта; каму боязь — боязь; каму пашану — пашану.
Нікому нічога не будзьце павінныя, апроч узаемнай любові, бо той, хто любіць бліжняга, выканаў Закон.
Таму што запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай ды ўсе іншыя змяшчаюцца ў гэтай адной: любі бліжняга твайго, як самога сябе.
Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону.
Вы ведаеце, што настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым тады, калі мы паверылі.
Ноч мінула, і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла.
Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці,
але апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажадлівасці.