1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Міхася Міцкевіча
Павел, Сілуан, і Цімафей — царкве фесаланікійцаў у Богу Бацьку і Госпадзе Ісусе Хрысце: Ласка вам і мір [ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста].
Заўсёды дзякуем Богу за ўсіх вас, успамінаючы вас у нашых малітвах.
Несупынна ўспамінаючы вашу дзейную веру, і працу любові, і вытрываласць надзеі на нашага Госпада Ісуса Хрыста перад нашым Богам і Бацькам;
ведаючы, браты, улюбёныя Богам, ваша абранне;
бо наша дабравесце прыйшло да вас не толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым Духу, і ў вялікім засведчанні, як вы і ведаеце, якія мы былі між вас, дзеля вас.
І вы сталі пераймальнікамі нас і Госпада, прыняўшы слова ў вялікім уціску з радасцю Святога Духа,
так што вы зрабіліся ўзорам для ўсіх, хто верыць, у Македоніі і ў Ахаіі.
Бо ад вас прагучала слова Гасподняе не толькі ў Македоніі і Ахаіі, але і ва ўсякім месцы разышлася ваша вера ў Бога, дык мы не маем патрэбы што-небудзь казаць.
Бо яны самі абвяшчаюць пра нас, які ўваход мы мелі да вас, і як вы павярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу
і чакаць з нябёсаў Яго Сына, Якога Ён уваскрэсіў з мёртвых, Ісуса, Які выбаўляе нас ад будучага гневу.