2 Яна 1 разьдзел
Другое пасланьне Яна
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна
Ста́рац — абра́най спада́рыні і дзе́цям яе, якіх я люблю́ ў íсціне, і не толькі я, але і ўсе, хто спазна́ў íсціну,
Староста — выбра́най пані і дзецям яе, якіх я люблю ў праўдзе, і ня я адзін, але і ўсе, што пазна́лі праўду,
дзе́ля íсціны, якая знахо́дзіцца ў нас і будзе з намі ве́чна;
дзеля праўды, якая застаецца ў нас і будзе з намі на вякі.
няхай будзе з вамі благада́ць, мíласць, мір ад Бога Айца і ад Госпада Іісуса Хрыста, Сына Айцовага, у íсціне і любо́ві.
Няхай будзе з вамі ласка, міласэрнасьць, супакой ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, у праўдзе і любові!
Я вельмі ўзра́даваўся, бо сярод дзяце́й тваіх знайшоў тыіх, што хо́дзяць у íсціне паво́дле за́паведзі, якую мы атрыма́лі ад Айца.
Я вельмі ўзрадаваўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх тых, якія ходзяць у праўдзе, як мы атрымалі прыказаньне ад Айца.
І цяпер прашу цябе, спада́рыня, не як новую за́паведзь пíшучы табе, а як тую, што ма́ем ад пачатку: каб мы любíлі адзін аднаго́.
І цяпер прашу цябе, пані, не як новае прыказаньне пі́шучы табе, але тое, якое маем ад пачатку, — каб мы любілі адзін аднаго.
Любоў жа ў тым, каб мы жылí паво́дле за́паведзяў Яго. Вось за́паведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб паво́дле яе жылí.
І гэта ёсьць любоў, каб мы хадзілі паводле прыказаньняў Ягоных. Гэта ёсьць прыказаньне, якое вы чулі ад пачатку, каб у ім вы хадзілі.
Бо ў свет увайшло́ многа ашука́нцаў, якія не прызнаю́ць Іісуса Хрыста, што прыйшо́ў у плоці: такі чалавек — ашука́нец і анты́хрыст.
Бо шмат падманшчыкаў увайшло ў гэты сьвет, якія не прызнаю́ць Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе. Гэткі ёсьць падманшчык і антыхрыст.
Сцеражы́цеся, каб вы не страцілі таго, над чым працава́лі, а каб атрыма́лі поўную ўзнагаро́ду.
Глядзіце за сабою, каб нам не згубі́ць таго, над чым мы працавалі, але каб атрымаць поўную нагароду.
Кожны, хто паруша́е вучэ́нне Хрыстова і не застае́цца ў ім, той не ма́е Бога; а хто застае́цца ў вучэ́нні Хрысто́вым, той і Айца, і Сына ма́е.
Кожны, хто адступаецца і не застаецца ў навуцы Хрыстовай, ня ма́е Бога; а хто застаецца ў навуцы Хрыстовай, той ма́е і Айца, і Сына.
Калі хто прыхо́дзіць да вас і не прыно́сіць гэтага вучэ́ння, не прыма́йце яго ў дом і не віта́йце яго;
Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтае навукі, таго не прыймайце ў дом і радавацца яму не кажыце,
бо хто віта́е яго, той саўдзе́льнічае ў злых спра́вах яго.
бо хто кажа радавацца яму, той супольнічае ў злых учынках ягоных.
Многае меў я напіса́ць вам, але не захацеў я на папе́ры чарнíлам, а спадзяю́ся прыйсцí да вас і ву́сна пагавары́ць, каб ра́дасць ваша была поўнай.
Шмат ма́ю пісаць да вас, але не хачу на паперы і атра́мантам, але спадзяюся прыйсьці да вас і гаварыць вуснамі ў вусны, каб радасьць вашая споўнілася.
Віта́юць цябе дзеці сястры тваёй абра́най. Амінь.
Вітаюць цябе дзеці сястры твае выбра́нае. Амэн.