Адкрыцьцё 22 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2017
І ён паказа́ў мне чы́стую раку́ вады́ жыцця́, све́тлую, як крышта́ль, яна выцяка́ла ад прасто́ла Бога і А́гнца.
І паказаў мне чыстую раку вады жыцця, светлую, як быццам крышталь, якая выцякае з пасада Бога і Ягняці.
Пасяро́д ву́ліцы яго і пааба́пал ракí — дрэ́ва жыцця́, якое пладано́сіць двана́ццаць разоў, дае́ кожны ме́сяц плод свой; і лíсце дрэ́ва — для ацале́ння наро́даў.
На сярэдзіне вуліцы яго і паабапал ракі дрэва жыцця, што прыносіць плады дванаццаць разоў, даючы штомесяц плод свой, і лісце дрэва — для ацалення народаў.
І нічога ўжо не будзе пракля́тага; і прасто́л Бога і А́гнца будзе ў ім, і рабы́ Яго будуць служы́ць Яму;
І не будзе ўжо больш нічога праклятага. І пасад Бога і Ягняці ў ім будзе, і паслугачы Яго Яму служыць будуць,
і ўба́чаць яны аблíчча Яго, і імя́ Яго будзе на чо́лах іх.
і ўбачаць аблічча Яго, і імя Яго на чолах сваіх.
І но́чы не будзе там, і не будуць яны мець патрэ́бы ні ў свяцíльніку, ні ў святле́ со́нечным, таму што Гасподзь Бог асвятля́е іх; і будуць ца́рстваваць на ве́кі вяко́ў.
І ночы ўжо не будзе, і не трэба будзе ўжо святла лямпы, ані святла сонца, бо Госпад Бог асвятляе іх, і будуць яны валадарыць на векі вечныя.
І ён сказа́ў мне: гэтыя сло́вы — ва́ртыя ве́ры і íсцінныя; і Гасподзь, Бог святы́х праро́каў, пасла́ў А́нгела Свайго паказа́ць раба́м Сваім тое, што павíнна адбы́цца ў ху́ткім ча́се.
І сказаў мне: «Словы гэтыя самыя верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог святых прарокаў, паслаў Свайго анёла, каб паказаць паслугачам Сваім, што павінна стацца неўзабаве.
Вось, прыйду́ ху́тка: блажэ́нны, хто трыма́ецца слоў праро́цтва кнíгі гэтай.
І вось, прыходжу хутка. Шчасны, хто захоўвае словы прарочыя гэтай кнігі».
І я, Іаа́н, ба́чыў і чуў гэта. Калі ж пачу́ў і ўба́чыў, то ўпаў да ног А́нгела, які мне пака́зваў гэта, каб пакланíцца яму.
І я, Ян, чуў гэта і бачыў. І, калі гэта пачуў і ўгледзеў, паў да ног анёла, што мне гэта паказаў, каб пакланіцца яму.
Але ён сказа́ў мне: глядзí, не рабі гэтага; я такí ж раб, як ты, і як браты́ твае праро́кі, і як тыя, хто трыма́ецца праро́цтва кнігі гэтай; Богу пакланíся.
І ён кажа мне: «Глядзі, не рабі! Бо я толькі саслужнік твой і братоў тваіх прарокаў разам з тымі, якія захоўваюць словы гэтай кнігі. Богу пакланіся».
І сказа́ў мне: не запяча́твай слоў праро́цтва кнігі гэтай; бо час блíзкі.
І кажа мне: «Не запячатвай прарочых слоў гэтай кнігі, бо час ужо блізкі.
Няпра́ведны няха́й яшчэ́ чы́ніць няпра́ўду, і пага́ны няха́й яшчэ́ апага́ньваецца, а пра́веднік няха́й яшчэ́ здзяйсня́е пра́ўду, і святы́ няха́й яшчэ́ асвяча́ецца.
Хто ліхі, няхай больш ліхадзейнічае, хто апаганены, няхай больш апаганьваецца, і справядлівы няхай яшчэ павялічвае справядлівасць, і святы няхай яшчэ больш усвячаецца.
Вось, прыйду́ ху́тка, і адпла́та Мая́ пры Мне, каб адда́ць кожнаму паво́дле спраў яго.
Вось, прыходжу хутка, і адплата Мая разам са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў яго.
Я — А́льфа і Аме́га, пача́так і кане́ц, пе́ршы і апо́шні.
Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.
Блажэ́нныя тыя, хто выко́нвае за́паведзі Яго, каб мець ім пра́ва на дрэ́ва жыцця́ і каб увайсцí ў го́рад праз бра́мы.
Шчасныя, што выконваюць прыказанні Яго, яны будуць мець уладу над дрэвам жыцця і ўвойдуць у горад праз брамы.
А зво́нку — саба́кі, і чарадзе́і, і блуднікí, і забо́йцы, і ідаласлужы́целі, і ўсе, хто лю́біць і чы́ніць падма́н.
За мурам застануцца сабакі, чараўнікі, распуснікі, забойцы, балванапаклоннікі і ўсе тыя, што любяць і чыняць няпраўду.
Я, Іісус, пасла́ў А́нгела Майго засве́дчыць вам гэта ў цэ́рквах. Я — ко́рань і нашча́дак Давíдаў, зо́рка све́тлая і ра́нішняя.
Я, Ісус, паслаў Майго анёла, каб даў вам гэтае сведчанне ў цэрквах. Я — Корань і Род Давідаў, Зорка светлая і ранішняя».
І Дух і няве́ста ка́жуць: прыйдзí! І хто чу́е, няхай ска́жа: прыйдзí! І хто хо́ча піць, няха́й прыхо́дзіць, і хто жада́е, няха́й бярэ́ ваду́ жыцця́ да́рам.
І Дух і нявеста клічуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І хто смагне, няхай прыйдзе; хто жадае, хай бярэ ваду жыцця дарма.
І я такса́ма све́дчу ко́жнаму, хто чу́е сло́вы праро́цтва кнíгі гэтай: калі хто дада́сць нешта да іх, то Бог дада́сць яму́ бе́дстваў, пра якія напíсана ў кнíзе гэтай;
Вось, сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто да іх дадасць нешта, таго Бог пакарае адной з тых плягаў, што запісаны ў гэтай кнізе,
і калі хто ады́ме не́шта ад слоў кнігі праро́цтва гэтага, то ады́ме ў яго Бог удзе́л у кнíзе жыцця́ і ў святы́м го́радзе, пра якія напíсана ў кнíзе гэтай.
і, калі хто адыме ад слоў прароцтва гэтай кнігі, у таго Бог адыме долю яго з кнігі жыцця, і з горада святога, і з таго, што ў гэтай кнізе напісана.
Той, Хто све́дчыць гэта, ка́жа: вось, прыйду́ ху́тка! Амíнь. Так, прыйдзí, Госпадзі Іісусе!
Той, Хто пра гэта сведчыць, кажа: «Так, прыйду неўзабаве!» Амін! Прыйдзі, Госпадзе Ісусе!
Благада́ць Госпада нашага Іісуса Хрыста́ з усíмі ва́мі. Амíнь.
Ласка Госпада Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін!