Адкрыцьцё 3 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2017
І А́нгелу Сарды́йскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Той, Хто ма́е сем ду́хаў Божых і сем зо́рак: «ве́даю твае спра́вы; ты носіш імя́, нíбы жывы́, але ты мёртвы.
І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: гэта, вось, кажа Той, Які мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю ўчынкі твае, што маеш імя, што жывы, ды ёсць мёртвы.
Абудзíся і ўмацо́ўвай тое, што застало́ся і гато́ва паме́рці; бо Я не знайшо́ў у цябе спраў, даскана́лых перад Богам Маім.
Чувай і ўзмацняй рэшту, якая мелася загінуць, бо не знаходжу ўчынкаў тваіх выкананымі перад Богам Маім.
Згада́й, што́ ты прыня́ў і чуў, і захо́ўвай і пака́йся. Калі ж не абу́дзішся, то Я прыйду́ да цябе, як зло́дзей, і ты не будзеш ве́даць, у якую гадзíну прыйду́ да цябе.
Дык памятай, як ты атрымаў і чуў, і захавай, і навярніся. Бо калі не будзеш чуваць, прыйду да цябе, як злодзей, і не будзеш ведаць гадзіны, у якую прыйду да цябе.
Але ёсць у цябе ў Сарды́се не́калькі чалаве́к, якія не апага́нілі адзе́ння свайго і будуць хадзíць са Мною ў бе́лым, бо яны дасто́йныя.
Але, вось, маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія не плямілі вопраткі свае, яны будуць хадзіць са Мною ў белі, бо яны дастойныя.
Перамо́жца апра́нецца ў бе́лае адзе́нне; і Я не вы́краслю íмені яго з кнíгі жыцця́ і вы́знаю імя́ яго перад Айцом Маім і перад А́нгеламі Яго.
Хто пераможа, апранецца ў вопратку белую, і не выкраслю імя яго з кнігі жыцця, і прызнаю імя яго перад Айцом Маім і на віду ў анёлаў Яго.
Хто ма́е ву́ха, няха́й чу́е, што Дух ка́жа Цэ́рквам».
Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам.
І А́нгелу Філадэльфíйскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Святы́, Íсцінны, Які ма́е ключ Давíдаў, Ён адчыня́е — і ніхто не зачы́ніць, Ён зачыня́е — і ніхто не адчы́ніць:
І анёлу царквы, што ў Філадэльфіі, напішы: гэта кажа Святы і Праўдзівы, Які мае ключ Давідаў, Які адчыніць, і ніхто не замкне, а замкне, і ніхто не адчыніць.
«ве́даю твае спра́вы; вось, я зрабíў, каб пе́рад табою дзве́ры былí адчы́нены, і ніхто не мо́жа зачынíць іх; бо хоць у цябе ма́ла сíлы, але ты захава́ў сло́ва Маё і не адро́кся ад íмені Майго.
Ведаю ўчынкі твае. Вось, адкрыў перад табою дзверы, якія ніхто не можа закрыць, бо ты, хоць маеш мала моцы, але захаваў слова Маё і не выракся імя Майго.
Вось, Я даю́ з сатанíнскага збо́рышча тых, якія ка́жуць пра сябе, што яны Іудзе́і, але імі не з’яўля́юцца, а хлу́сяць, — вось, Я зраблю, што яны пры́йдуць і пакло́няцца ў но́гі табе, і зразуме́юць, што Я ўзлюбíў цябе.
Вось, дам табе з сінагогі шатана, з тых, якія сябе называюць юдэямі, а імі не ёсць, але падманваюць; вось, зраблю ім, што прыйдуць і паклоняцца табе ў ногі, і даведаюцца, што Я ўзлюбіў цябе.
Пако́лькі ты захава́ў Мой нака́з быць сто́йкім, то і Я захава́ю цябе ў гадзíну выпрабава́ння, якая пры́йдзе на ўвесь свет, каб вы́прабаваць тых, хто жыве́ на зямлí.
Бо ўхаваў ты слова стойкасці Маёй, і Я цябе ўхаваю ў гадзіну спакушэння, якая прыйдзе на ўвесь свет зводзіць жыхароў на зямлі.
Вось, прыйду́ ху́тка; трыма́й тое, што ма́еш, каб ніхто не забра́ў вянца́ твайго.
Прыйду хутка. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не скраў вянца твайго.
Перамо́жцу зраблю́ стаўпо́м у хра́ме Бога Майго, і ён ужо не вы́йдзе адту́ль; і напішу́ на ім імя́ Бога Майго, і імя́ го́рада Бога Майго, новага Іерусалíма, які сыхо́дзіць з не́ба ад Бога Майго, і імя́ Маё но́вае.
Хто пераможа, таго ўчыню калонай у святыні Бога Майго, і больш з яе не выйдзе, і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерузаліма, які сыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае.
Хто ма́е ву́ха, няха́й чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам».
Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам.
І А́нгелу Лаадыкíйскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Амíнь, све́дка ве́рны і íсцінны, пача́так стварэ́ння Божага:
І анёлу царквы, што ў Лаадыцэі, напішы: гэта кажа Амін, Сведка верны і праўдзівы, Пачатак тварэння Божага.
«ве́даю твае́ спра́вы; ты ні хало́дны, ні гара́чы; о, калі б ты быў хало́дным альбо́ гара́чым!
Ведаю ўчынкі твае, што ты ані халодны, ані гарачы. О, каб лепш халодным ты быў або гарачым!
Але пако́лькі ты цёплы, а не гара́чы і не хало́дны, то вы́вергну цябе з ву́снаў Маіх.
Але за тое, што ты цёплы, а не халодны і не гарачы, Я вывергну цябе з вуснаў Маіх.
Бо ты ка́жаш: я бага́ты, разбагаце́ў і ні ў чым не ма́ю патрэ́бы; а не ве́даеш, што ты няшча́сны, і жа́лю ва́рты, і ўбо́гі, і сляпы́, і го́лы.
Бо кажаш ты: «Багаты я і забяспечаны, і нічога мне не трэба», і не ведаеш, што ты бедны, і найнешчаслівейшы, і ўбогі, і сляпы, і голы.
Ра́ю табе купíць у Мяне зо́лата, ачы́шчанае агнём, каб ты разбагаце́ў, і бе́лае адзе́нне, каб ты апрану́ўся і не ба́чны быў со́рам го́лага це́ла твайго; і ма́ззю пама́ж во́чы твае, каб ба́чыць.
Раю табе купіць сабе ў Мяне золата, агнём ачышчанага, каб быў забяспечаны, і белую вопратку, каб апрануўся і каб не паказалася нікчэмнасць галізны тваёй, і масць, каб памазаў вочы свае і бачыў.
Каго Я люблю́, тых выкрыва́ю і кара́ю. Дык вось, будзь руплíвы і пака́йся.
Бо Я тых, якіх люблю, дакараю і караю. Дык будзь руплівым і навярніся.
Вось, Я стаю́ каля́ дзвярэ́й і сту́каю; калі хто пачу́е го́лас Мой і адчы́ніць дзве́ры, то ўвайду́ да яго і бу́ду вячэ́раць з ім, і ён са Мною.
Вось, стаю ў дзвярах і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць Мне дзверы, увайду да яго і павячэраю з ім, а ён са Мной.
Перамо́жцу дам се́сці са Мною на прасто́ле Маім, як і Я перамо́г і сеў з Айцом Маім на прасто́ле Яго.
Хто пераможа, таму дам сядзець са Мною на Маім пасадзе, як Я перамог і сеў з Айцом Маім на Яго пасадзе.
Хто ма́е ву́ха, няха́й чуе, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам».
Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам».