Марка 11 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Анатоля Клышкi
І калі наблізіліся да Іерусаліма, да Віфагíі і Віфа́ніі, да гары Елеонскай, Іісус пасылае двух з вучняў Сваіх
І калі яны наблізіліся да Іерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да Аліўнай гары, Ён пасылае двух Сваіх вучняў
і кажа ім: ідзіце ў се́лішча, што перад вамі, і, уваходзячы ў яго, адразу зно́йдзеце прывя́занае асляня́, на якое ніхто з людзей не сядаў; адвяза́ўшы яго, прывядзíце.
і кажа ім: Ідзіце ў сяло, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое яшчэ ніхто з людзей не садзіўся; адвяжыце яго і [пры] вядзіце.
І калі хто скажа вам: «што́ вы гэта робіце?», скажы́це, што яно патрэбна Госпаду, і адразу пашле яго сюды.
І калі хто вам скажа: «Што гэта вы робіце?», скажыце: «Яно патрэбна Госпаду, і Ён адразу яго адашле зноў сюды».
Яны пайшлі і знайшлі асляня́, прывя́занае каля варот на вуліцы, і адвязалі яго.
І яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае да варот знадворку на вуліцы, і адвязваюць яго.
І некаторыя з тых, што стаялі там, гаварылі: што вы робіце? навошта адвя́зваеце асляня́?
І некаторыя з тых, што там стаялі, казалі ім: Што вы робіце, навошта адвязваеце асляня?
Яны ж адказвалі ім, як загадаў Іісус, і тыя адпусцілі іх.
Яны ж сказалі ім так, як сказаў Ісус, і тыя адпусцілі іх.
І прывялі асляня́ да Іісуса, і пакла́лі на яго во́пратку сваю; і сеў Іісус на яго.
І прыводзяць асляня да Ісуса і кладуць на яго сваю вопратку, і Ён сеў на яго.
Многія ж во́пратку сваю пасціла́лі на дарогу, а іншыя зраза́лі галíны з дрэў і пасціла́лі на дарогу.
І многія разаслалі сваю вопратку на дарозе, а іншыя — галінкі, зрэзаныя ў палях25.
І тыя, што ішлі папе́радзе і следам, ускліка́лі: Аса́нна! благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе!
І тыя, што ішлі паперадзе і следам, крычалі: Гасанна! Дабраславёны, Хто ідзе ў імя Госпада!
Благаславёна царства айца нашага Давіда, якое надыхо́дзіць у імя́ Гасподняе! Аса́нна ў вышніх!
Добраславёнае царства26, што надыходзіць, нашага бацькі Давіда! Гасанна ў вышынях!
І ўвайшоў Іісус у Іерусалім і ў храм; і, агле́дзеўшы ўсё, паколькі час быў ужо позні, пайшоў у Віфа́нію з двана́ццаццю.
І Ён увайшоў у Іерусалім у святыню і, агледзеўшы ўсё, — час ужо быў позні — выйшаў у Віфанію з дванаццацю.
І на другі дзень, калі яны выйшлі з Віфа́ніі, Ён захацеў есці;
І назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад.
і, уба́чыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лíсцем, падышоў, ці не знойдзе чаго на ёй; і, прыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, акрамя лíсця, бо не пара́ была́ на смо́квы.
І, убачыўшы здалёку фігавае дрэва, укрытае лісцем, пайшоў: ці не знойдзе чаго на ім, і, прыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, апроч лісця, бо не была пара на фігі.
І, прамовіўшы, Іісус сказаў ёй: няхай больш ніхто не есць ад цябе плоду даве́ку! І чулі гэта вучні Яго.
І, азваўшыся, Ён сказаў яму: Няхай ніхто больш навекі не з’есць ад цябе плоду! — І Яго вучні чулі гэта.
І прыходзяць у Іерусалім. І, увайшоўшы ў храм, Іісус пачаў выганя́ць тых, якія прадавалі і куплялі ў храме, і перакулíў сталы́ мяня́лаў і ўсло́ны тых, што прадавалі галубоў;
І прыходзяць яны ў Іерусалім. І, увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць прадаўцоў і пакупнік у святыні і абярнуў сталы грашаменаў і ўслоны прадаўцоў галубоў,
і не дазваляў, каб хто пранёс якую-небудзь рэч праз храм.
і не дазваляў, каб хто праносіў праз святыню якую рэч.
І вучыў іх, ка́жучы: ці не напíсана: «дом Мой домам малітвы назаве́цца для ўсіх народаў»? а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
І Ён вучыў і казаў ім: Хіба не напісана: «Мой дом будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў?» А вы ж зрабілі яго пячораю разбойнікаў.
І пачулі гэта кніжнікі і першасвятары́, і шукалі, як бы Яго загубíць, бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ здзіўля́ўся вучэ́нню Яго.
І пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі, як бы Яго загубіць: бо яны баяліся Яго, бо ўвесь натоўп захапляўся Яго навукаю.
І калі звечарэ́ла, Ён выйшаў за горад.
І калі настаў вечар, яны выйшлі з горада.
І ра́ніцаю, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да ко́раня.
І ўранні, праходзячы міма, яны ўбачылі фігавае дрэва, засохлае ад каранёў.
І, успомніўшы, Пётр кажа Яму: Раввí! паглядзí, смакоўніца, якую Ты пракля́ў, усохла.
І Пётр, успомніўшы, кажа Яму: Равві, зірні, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла.
І, адказваючы, Іісус кажа ім:
І ў адказ Ісус кажа ім: Майце веру Божую.
ма́йце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары́ гэтай: «падымíся і ўве́ргніся ў мора», і не засумнява́ецца ў сэ́рцы сваім, а верыць будзе, што збу́дзецца па сло́вах яго, — будзе яму, што́ б ні сказаў.
Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: «Падыміся і кінься ў мора» і не ўсумніцца ў сваім сэрцы, а будзе верыць, што спраўдзіцца тое, што кажа, — будзе яму, [што ні скажа].
Таму кажу вам: усё, чаго ў малітве ні папро́сіце, верце, што атрыма́еце, і будзе вам.
Таму кажу вам: усё, аб чым вы моліцеся і просіце, верце, што вы атрымалі27, — і будзе вам.
І калі стаіце́ на малітве, дару́йце, як што ма́еце су́праць каго, каб і Айцец ваш, Які ў нябёсах, дарава́ў вам правíны вашы.
І, калі стаіце на малітве, даруйце, як што маеце супроць каго, каб і ваш Бацька, Які ў нябёсах, вам дараваў правіны.
Калі ж вы не дару́еце, то і Айцец ваш, Які ў нябёсах, не дару́е вам правíнаў вашых.
[Калі ж вы не даруеце, то і ваш Бацька, Які ў нябёсах, не даруе вашых правінаў]28.
І прыходзяць зноў у Іерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падыходзяць да Яго першасвятары́ і кніжнікі, і старэйшыны
І прыходзяць яны зноў у Іерусалім. І калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, і кніжнікі, і старэйшыны
і кажуць Яму: якою ўла́даю Ты гэта робіш? і хто Табе ўла́ду гэтую даў, каб Ты рабіў гэта?
і сказалі Яму: Якою ўладаю Ты гэта робіш? Або хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?
Іісус жа ў адказ сказаў ім: спытаю ў вас і Я адну рэч, і адкажы́це Мне; і Я скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.
Ісус жа сказаў ім: Спытаюся ў вас адно слова і адкажыце Мне, і Я скажу вам, якою ўладаю раблю гэта;
Хрышчэнне Іаанава з неба было́ ці ад людзей? адкажы́це Мне.
Іаанава хрышчэнне было з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне.
І разважа́лі яны між сабою, гаворачы: калі скажам: «з неба», — Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»
І разважалі яны між сабою, кажучы: Калі скажам: «З неба», Ён скажа: «[Дык] чаму вы не паверылі яму?»
А сказаць: «ад людзей» — баяліся народа, бо ўсе лічылі, што Іаан сапраўды́ быў прарок.
Але ці сказаць нам: «Ад людзей»? — Яны баяліся натоўпу29: бо ўсе лічылі, што Іаан быў сапраўды прарок.
І кажуць у адказ Іісусу: не ведаем. Тады Іісус, адказваючы, гаворыць ім: і Я не скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.
І ў адказ яны кажуць Ісусу: Не ведаем. — А Ісус кажа ім: І Я не скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю.