Да Рымлянаў 16 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Прадстаўляю вам Фіву, сястру нашу, дыяканісу Царквы Кенхрэйскай,
каб вы прынялí яе дзеля Госпада, як належыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсякай справе, калі яна будзе мець патрэбу ў вас, бо і яна была памочніцаю многім і мне самому.
Віта́йце Прыскілу і Акілу, сурабо́тнікаў маіх у Хрысце Іісусе,
якія галовы свае клалі за душу́ маю́, якім не адзін я ўдзячны, але і ўсе Цэрквы з язычнікаў, вітайце і дамашнюю іх Царкву.
Вітайце ўзлю́бленага майго Эпенета, які стаў пе́ршынцам Ахаіі для Хрыста.
Вітайце Марыям, якая шмат працавала для нас.
Вітайце Андранíка і Ю́нію — сваякоў маіх, якія былí вязнямі разам са мною, яны добра вядомы сярод Апосталаў і яшчэ раней за мяне ўверавалі ў Хрыста.
Вітайце Амплíя, узлю́бленага майго ў Госпадзе.
Вітайце Урва́на, сурабо́тніка нашага ў Хрысце, і Стахíя, узлю́бленага майго.
Вітайце Апе́лія, вы́прабаванага ў Хрысце. Вітайце веруючых з дому Арыставу́ла.
Вітайце Ірадыёна, сваяка майго. Вітайце дамашніх Наркíса, якія ў Госпадзе.
Вітайце Трыфе́ну і Трыфо́су, што працуюць дзеля Госпада. Вітайце Персíду ўзлюбленую, якая шмат працавала дзеля Госпада.
Вітайце Руфа, абранага ў Госпадзе, і маці яго і маю́.
Вітайце Асінкры́та, Фле́ганта, Е́рма, Патро́ва, Ермíя і іншых з імі братоў.
Вітайце Філало́га і Ю́лію, Нірэ́я і сястру яго, і Алімпа́на, і ўсіх з імі святых.
Вітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Цэрквы Хрыстовы.
Сцеражы́цеся тых, што разлады і спакусы учыняюць, насуперак вучэнню, якое вы спазналі, і ўхіляйцеся ад іх;
бо яны служаць не Госпаду нашаму Іісусу Хрысту, а свайму чэраву, ды красамоўствам і салодкімі словамі падманваюць сэрцы прастадушных.
Ваша паслушэнства веры ўсім вядома; таму я радуюся за вас, але жадаю, каб вы былі му́дрымі на дабро і бясхітраснымі на зло.
А Бог міру звергне сатану пад ногі вашы неўзабаве. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі! Амінь.
Вітаюць вас Цімафей, сурабо́тнік мой, і Лукíй, і Іа́сан, і Сасіпа́тр, сваякі мае́.
Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэ́рцый, які запісаў гэтае пасланне.
Вітае вас Га́ій, гасцінны да мяне і да ўсёй Царквы. Вітае вас Эра́ст, гарадскі скарбнік, і брат Ква́рт.
Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі! Амінь.