2 да Цімафея 3 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Ведай жа тое, што ў апошнія дні настануць часы ця́жкія.
 

Бо людзі будуць самалюбівыя, срэбралюбівыя, ганары́стыя, фанабэрыстыя, богазневажа́льнікі, бацька́м непако́рныя, няўдзячныя, бязбожныя, бессардэчныя,
 

бязлітасныя, паклёпнікі, нястры́маныя, жорсткія, ненавіснікі дабра,
 

здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, больш сласталюбíвыя, чым богалюбíвыя,
 

якія зне́шне паказваюць набожнасць, але ад сілы яе адракліся. Такіх пазбяга́й.
 

Да іх нале́жаць тыя, што пранікаюць у дамы́ і зводзяць жанчын, якія патана́юць ў грахах і апанава́ны рознымі пажа́днасцямі,
 

якія заўсёды вучацца і ніколі не могуць дайсці да спазна́ння ісціны.
 

Як Іанíй і Іамвры́й працівіліся Маісею, так працівяцца ісціне і яны, людзі з сапсаваным розумам, недасведчаныя ў веры.
 

Але яны не многага дасягну́ць; бо іх бязглу́здасць для ўсіх стане відавочнай, як і з тымі сталася.
 

А ты стаў маім паслядоўнікам у вучэнні, жыцці, мэтах, веры, доўгацярпенні, любові, стойкасці,
 

у ганеннях, пакутах, якія вы́палі мне ў Антыяхíі, Іканíі, Лíстрах; такія ганенні я перанёс, і ад усіх збавіў мяне Гасподзь.
 

Ды і ўсе, хто хоча жыць набожна ў Хрысце Іісусе, будуць цярпець ганенні;
 

а ліхія людзі і ашуканцы будуць станавіцца яшчэ горшымі, уводзячы ў падман і бу́дучы падма́нутымі.
 

Ты ж трымайся таго, чаму наву́чаны і што́ табе даве́рана, бо ве́даеш, кім ты наву́чаны;
 

і яшчэ з маленства ты ведаеш свяшчэнныя пісанні, якія могуць умудры́ць цябе на спасенне праз веру ў Хрыста Іісуса.
 

Усё Пісанне — боганатхнёнае і карыснае для навучання, для выкрывання, для выпраўлення, для настаўлення ў праведнасці,
 

каб быў дасканалым Божы чалавек, да ўсякай добрай справы падрыхтава́ным.