Да Габрэяў 6 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Вітаўта Тумаша
Дык вось, адкла́ўшы нача́ткі вучэння Хрыстовага, будзем імкну́цца да даскана́ласці, а не закладаць нано́ва падмурка, гаворачы пра пакаянне ў мёртвых справах і пра веру ў Бога,
пра вучэнне аб хрышчэннях, пра ўскладанне рук, пра ўваскрасенне мёртвых і пра суд вечны.
Зробім і гэта, калі Бог дазволіць.
Бо немагчыма тых, што аднойчы прасвяціліся, і паспыта́лі да́ру нябеснага, і сталі супо́льнікамі Духа Святога,
і паспыта́лі добрага слова Божага і сіл будучага веку,
і адпалі, — зноў абнаўляць пакаяннем, калі яны зноў распінаюць у сабе Сына Божага і зневажаюць Яго.
Бо зямля, якая напо́йваецца частымі дажджамі і родзіць расліны на карысць тым, дзеля каго яна і абрабля́ецца, атры́млівае благаславенне ад Бога;
а тая, што прыносіць церні і бадзякí — нягодная і блізкая да пракляцця, вынік якога — спале́нне.
А што да вас, узлю́бленыя, то спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трыма́ецеся спасення, хоць мы і гаворым так.
Бо не няправедны Бог, каб забыць справу вашу і працу любові, якую вы праявілі ў імя́ Яго, паслужы́ўшы і слу́жачы святым.
Жадаем жа, каб кожны з вас, дзеля ўпэўненасці ў здзяйсненні надзеі, праяўляў такую самую руплівасць да канца;
каб вы не сталі лянівымі, а былі перайма́льнікамі тых, якія вераю і доўгацярплівасцю атрымліваюць у спадчыну абяцанае.
Бо даючы́ абяцанне Аўрааму, Бог, паколькі не мог нікім вышэйшым паклясціся, то кляўся Самім Сабою,
кажучы: «сапраўды, благаслаўля́ючы благаслаўлю́ цябе і, размнажа́ючы размножу цябе».
І так Аўраам, праявіўшы доўгацярплівасць, атрыма́ў абяца́нае.
Людзі клянуцца вышэйшым, і кожная спрэчка іх зака́нчваецца клятвай дзеля сцвярджэ́ння.
Таму і Бог, жадаючы выразней паказаць спадкаемцам абяцання нязменнасць Сваёй волі, замацаваў яго клятвай,
каб у дзвюх нязме́нных рэчах, у якіх не можа Бог салгаць, цвёрдае суцяшэнне мелі мы, пабегшы, каб ухапіцца за надзею, якая перад намі
і якая нам для душы́ нібы якар трывалы і моцны, што ўваходзіць унутр за заслону,
куды як папярэднік увайшоў дзеля нас Іісус, стаўшы Першасвяшчэннікам навек па чыну Мелхіседэкаву.