Адкрыцьцё 3 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І анёлу Сардыскай царквы напішы: «Так кажа Той, Хто мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю твае дзеі; ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы.
І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: “Гэта кажа Той, Які мае сем духаў Божых і сем зорак: 'Ведаю справы твае, што ты маеш імя, што жывеш, ды ёсьць мёртвы.
Чувай і ўмацоўвай астатняе блізкае да сьмерці; бо я не знаходжу, каб дзеі твае былі дасканалыя прад Богам Маім.
Чувай і ўмацоўвай іншых, якія маюць паміраць, бо не знайшоў Я, каб справы твае былі споўненыя перад Богам.
Узгадай, што ты прыняў і чуў, і зьберагай і пакайся. Калі ж ня будзеш чуваць, дык Я найду на цябе, як злодзей, і ты ня ўведаеш, а каторай гадзіне найду на цябе.
Дык памятай, што ты атрымаў і пачуў, і захоўвай, і навярніся. А калі ня будзеш чуваць, Я прыйду да цябе, як злодзей, і ты ня будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе.
Але ў цябе ў Сардысе ёсьць некалькі чалавек, якія не апаганілі вопраткі сваёй і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя.
Ты маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія не апаганілі адзеньня свайго, і яны будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны дастойныя.
Пераможца апранецца ў белае адзеньне; і ня выкрасьлю імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя ягонае прад Айцом Маім і прад анёламі Ягонымі.
Той, хто пераможа, будзе апрануты ў белыя шаты; і Я ня вы́тру імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя ягонае перад Айцом Маім і перад анёламі Ягонымі'.
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам».
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам”.
І анёлу Філядэльфійскай царквы напішы: «Так кажа Сьвяты, Праведны, Які мае ключ Давідаў, Які адмыкае — і ніхто не замкне, замыкае — і ніхто не адчыніць:
І анёлу царквы, што ў Філядэльфіі, напішы: “Гэта кажа Сьвяты, Праўдзівы, Які мае ключ Давідавы, Які адчыняе, і ніхто не замкне, і замыкае, і ніхто не адчыніць:
ведаю твае дзеі; вось, я адамкнуў перад табою дзьверы, і ніхто ня можа зачыніць іх; ты няшмат маеш сілы, і захаваў слова Маё, і ня выракся імя Майго.
'Ведаю справы твае. Вось, Я даў перад табою дзьверы адчыненыя, і ніхто ня можа замкнуць іх, бо ты маеш малую сілу, і захаваў слова Маё, і не адрокся ад імя Майго.
Вось, Я зраблю, што з сатанінскае зборні, з тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі, але самі не такія, а хлусяць, — вось, Я зраблю тое, што яны прыйдуць і паклоняцца перад нагамі тваімі, і ўведаюць, што Я палюбіў цябе.
Вось, Я даю, што з сынагогі шата́на, з тых, якія называюць сябе Юдэямі, ды ня ёсьць, але хлусяць, вось, Я зраблю, каб яны прыйшлі, і пакланіліся перад нагамі тваімі, і даведаліся, што Я палюбіў цябе.
І як ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, дык і Я захаваю цябе ад гадзіны спакушэньня, якая прыйдзе на ўвесь сьвет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі.
А што ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, і Я захаваю цябе ад гадзіны спакусы, якая мае прыйсьці на ўвесь сусьвет, каб спакусіць жыхароў зямлі.
Вось, я прыйду неўзабаве; трымай, што маеш, каб хто не ўхапіў вянка твайго.
Вось, Я прыходжу хутка. Трымай, што маеш, каб ніхто не забраў вянка твайго.
Пераможцу зраблю стаўпом у храме Бога Майго, і ён ужо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерусаліма, які сыходзіць зь неба ад Бога Майго, і імя Маё новае.
Таго, хто пераможа, Я зраблю слупом у бажніцы Бога Майго, і ён ужо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерусаліму, які зыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае'.
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам».
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам”.
І анёлу Лаадыкійскай царквы напішы: «Так кажа Амін, сьведка верны і сапраўдны, пачатак тварэньня Божага:
І анёлу Ляадыкейскае царквы напішы: “Гэта кажа Амэн, Сьведка верны і праўдзівы, Начальнік стварэньня Божага:
ведаю твае дзеі; ты ні халодны, ні гарачы; о, калі б ты быў халодны альбо гарачы!
'Ведаю справы твае, што ты ані халодны, ані гарачы; о, каб ты быў халодны або гарачы!
Але як што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, дык выкіну цябе з вуснаў Маіх.
Дык дзеля таго, што ты цёплы, а не халодны і не гарачы, Я маю выплюнуць цябе з вуснаў Маіх.
Бо ты кажаш: я багаты, разбагацеў і ні ў чым ня маю патрэбы; а ня ведаеш, што ты няшчасны і жалю варты, і ўбогі і сьляпы і голы.
Бо ты кажаш: “Я багаты і ўзбагаціўся, і ня маю аніякае патрэбы”, і ня ведаеш, што ты — гаротны, і жалю годны, і ўбогі, і сьляпы, і голы.
Раю табе купіць у Мяне золата, вагнём ачышчанае, каб табе разбагацець, і белую вопратку, каб апрануцца і каб ня відзён быў сорам галізны тваёй, і масьцю памаж вочы твае, каб бачыць.
Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае ў вагні, каб ты ўзбагаціўся, і белыя шаты, каб апрануўся, і каб ня выявіўся сорам галізны тваёй; і мазьзю вочнаю памаж вочы твае, каб ты бачыў.
Каго Я люблю, тых выкрываю і караю. Дык вось будзь руплівы і пакайся.
Я тых, каго люблю, дакараю і караю. Дык будзь руплівы і навярніся.
Вось, стаю каля дзьвярэй і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, увайду да яго і буду вячэраць зь ім, і ён са Мною.
Вось, стаю пры дзьвярах і стукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, Я ўвайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён — са Мною.
Пераможцу дам сесьці са Мною на троне Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на троне Ягоным.
Таму, хто пераможа, Я дам сесьці са Мною на пасадзе Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на пасадзе Ягоным'.
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам.
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам”».