Лявіт 12 разьдзел

Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 
Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:

скажы сынам Ізраілевым: калі жанчына зачне і народзіць немаўля мужчынскага полу, дык яна нячыстая будзе сем дзён; як у дні пакутніцтва яе ачышчэньнем, яна будзе нячыстая;
 
«Прамаўляй да сыноў Ізраэля і гавары ім: “Калі жанчына пачне і народзіць сына, сем дзён застанецца нячыстай, як у дні месячных яна будзе нячыстай.

а на восьмы дзень абрэжацца крайняя плоць ягоная;
 
І ў восьмы дзень будзе абрэзаны хлопчык,

і трыццаць тры дні павінна яна сядзець, ачышчаючыся ад крывей сваіх; ні да чога сьвяшчэннага не павінна дакранацца і да сьвяцілішча не павінна падыходзіць, пакуль ня мінуцца дні ачышчэньня яе.
 
а яна трыццаць тры дні будзе заставацца ў крыві ачышчэння свайго, не будзе дакранацца да нічога святога, не будзе хадзіць у святыню, пакуль не скончацца дні яе ачышчэння.

калі ж яна народзіць немаўля жаночага полу, дык падчас ачышчэньня свайго яна будзе нячыстая два тыдні, і шэсьцьдзясят шэсьць дзён трэба сядзець, ачышчаючыся ад крывей сваіх.
 
Калі народзіць дачку, нячыстай будзе яна два тыдні, як у дні месячніцы, і шэсцьдзесят шэсць дзён будзе заставацца ў крыві ачышчэння свайго.

Пасьля заканчэньня дзён ачышчэньня свайго за сына, альбо за дачку, яна павінна прынесьці гадавалае ягня на цэласпаленьне і маладога голуба альбо галубку ў ахвяру за грэх, да ўваходу ў скінію сходу да сьвятара;
 
Калі скончацца дні ачышчэння яе дзеля нараджэння сына або дачкі, хай прынясе яна аднагадовага барана ў ахвяру цэласпалення і маладога голуба або туркаўку ў ахвяру за грэх да дзвярэй палаткі сустрэчы ды перадасць святару.

ён прынясе гэта прад аблічча Госпада і ачысьціць яе, і яна будзе чыстая ад цёку крыві яе. Вось закон пра парадзіху немаўляці мужчынскага альбо жаночага полу.
 
Ён складзе іх у ахвяру перад Госпадам і ачысціць яе, ды так ачысціцца яна ад цячэння крыві сваёй. Гэта закон адносна той, якая нарадзіла сына або дачку.

А калі яна ня можа прынесьці ягняці, дык няхай возьме дзьве галубкі альбо два маладыя галубы, аднаго на цэласпаленьне, а другога ў ахвяру за грэх, і ачысьціць яе сьвятар, і яна будзе чыстая.
 
Калі ж рука яе не знойдзе гэтага і не зможа яна ахвяраваць барана, хай возьме яна дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, аднаго — у ахвяру цэласпалення, другога — у ахвяру за грэх; гэтак ачысціць яе святар, і яна будзе ачышчаная”».