Лявіт 25 разьдзел
Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І сказаў Гасподзь Майсею на гары Сінай, кажучы:
Вось што сказаў Госпад Майсею на гары Сінай:
абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, тады зямля павінна пакоіцца ў суботу Гасподнюю;
«Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, тады і зямля таксама павінна святкаваць суботу Госпада.
шэсьць гадоў засявай поле тваё і шэсьць гадоў абразай вінаграднік твой і зьбірай утворы іх,
Шэсць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой ды збіраць у ім плады,
а ў сёмы год хай будзе субота спакою зямлі, субота Гасподняя: поля твайго не засявай і вінаградніка твайго не абразай;
але ў сёмы год хай будзе субота супачынку для зямлі, субота для Госпада. Не будзеш засяваць поля свайго і падразаць вінаградніку свайго.
што самое вырасьце пасьля жніва твайго, ня зжынай, і гронак зь неабрэзаных лозаў тваіх ня здымай: хай гэта будзе год спакою зямлі;
Што само вырасце на полі, не будзеш жаць таго, і не будзеш збіраць вінаграду неабрэзанага. Бо гэта будзе год адпачынку для зямлі.
і будзе гэта праз усю суботу зямлі ўсім вам ежаю, табе, і рабу твайму, і рабыні тваёй, і найміту твайму, і пасяленцу твайму, і таму, хто пасяліўся ў цябе;
Што само вырасце на зямлі, будзе вам ежаю: табе, і паслугачу твайму, і паслугачцы тваёй, і парабку твайму, і прышэльцам, якія жывуць у цябе,
і быдлу твайму і зьвярам, якія на зямлі тваёй, хай будуць усе ўтворы яе ежаю.
і жывёле тваёй, і звярам, якія жывуць на зямлі тваёй, усё, што родзіцца, паслужыць ежаю.
І налічы сабе сем суботніх гадоў, сем разоў па сем гадоў, каб было ў цябе ў сямі суботніх гадах сорак дзевяць гадоў;
Палічы таксама сабе сем гадоў суботніх, значыць сем разоў па сем гадоў, так што разам складуць яны сорак дзевяць гадоў.
і затрубі ў трубу ў сёмы месяц, у дзясяты дзень месяца, у дзень ачышчэньня затрубеце ў трубу па ўсёй зямлі вашай;
І затрубіш у трубу ў сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, у дзень ачышчэння зайграеш на трубе на ўсёй зямлі вашай.
і асьвяцеце пяцідзясяты год і абвясьцеце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе: хай будзе гэта ў вас юбілей; і вярнецеся кожны ў валоданьне сваё, і кожны вярніся ў свой род.
І будзеце святкаваць пяцідзесяты год, і аб’явіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да сваёй уласнасці, ды кожны вернецца ў ранейшую сям’ю.
Пяцідзясяты год хай будзе ў вас юбілей: ня сейце і ня жнеце, што самое вырасьце на зямлі, і ня зьбірайце ягад зь неабрэзаных лозаў яе,
Пяцідзесяты год будзе для вас годам юбілейным; не будзеце сеяць, не будзеце жаць таго, што вырасце ў полі, і не будзеце збіраць неабрэзанага вінаграду
бо гэта юбілей: сьвяшчэнны хай будзе ён вам; з поля ежце ўтворы яе.
дзеля ўшанавання юбілею; будзеце есці плады, адразу сабраныя з поля.
У юбілейны год вярнецеся кожны ў валоданьне сваё.
У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да сваёй уласнасці.
Калі будзеш прадаваць што блізкаму твайму, альбо будзеш купляць што ў блізкага твайго, ня крыўдзіце адзін аднаго;
Калі што будзеце прадаваць блізкаму або купляць ад яго, не крыўдзіце адзін брат другога, але паводле ліку гадоў пасля юбілею ты будзеш купляць у яго,
паводле разьліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у блізкага твайго, і паводле разьліку гадоў прыбытку ён павінен прадаваць табе;
ды паводле ліку гадоў ураджаю ён будзе прадаваць табе.
калі многа застаецца гадоў, памнож цану; а калі мала гадоў застаецца, паменшы цану, бо пэўную колькасьць гадоў жніва ён прадае табе.
Чым больш гадоў застаецца пасля юбілею, тым больш вырасце цана, а чым менш гадоў налічыш, тым меншай стане цана продажу, бо ён прадасць табе час пладоў.
Ня крыўдзіце адзін аднаго; бойся Бога твайго, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
Не крыўдзіце супляменнікаў вашых, але шануйце Бога свайго, бо Я — Госпад, Бог ваш!
Выконвайце пастановы Мае, і шануйце законы Мае і выконвайце іх, і будзеце жыць спакойна на зямлі;
Спаўняйце прыказанні Мае і законы, беражыце і выконвайце іх, каб маглі жыць на зямлі без ніякага страху.
і будзе зямля даваць плод свой, і будзеце есьці ўдосыць і будзеце жыць спакойна на ёй.
І будзе зямля даваць вам плод свой, і вы будзеце сытымі, і спакойна будзеце жыць на ёй.
Калі скажаце, што ж нам есьці ў сёмы год, калі мы ня будзем ні сеяць, ні зьбіраць утвораў нашых?
А калі запытаеце: “Што мы будзем есці ў сёмым годзе, калі не будзем сеяць ані збіраць пладоў нашых?”
Я пашлю дабраславеньне Маё на вас у шосты год, і ён прынясе ўтворы на тры гады;
Я спашлю на вас дабраславенства Маё ў шостым годзе так, што яно створыць пладоў на тры гады.
і будзеце сеяць у восьмы год, але есьці будзеце ўтворы старыя да дзявятага года: пакуль не пасьпеюць утворы яго, будзеце есьці старое.
У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есці з даўнейшых пладоў аж да дзевятага года, аж пакуль не вырасце новы ўраджай, будзеце есці старое.
Зямлю нельга прадаваць назаўсёды, бо Мая зямля: вы прыхадні і пасяленцы ў Мяне;
Зямлю не належыць прадаваць назаўсёды, бо яна — Мая, а вы — прышэльцы і пасяленцы ў Мяне.
па ўсёй зямлі валоданьня вашага дазваляйце выкупляць землі.
Таму ўся зямля, якая ў вашым валоданні, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.
Калі брат твой зьбяднее і прадасьць з валоданьня свайго, дык прыйдзе блізкі ягоны родзіч і выкупіць прададзенае братам ягоным;
Калі збяднее брат твой і прадасць частку сваёй маёмасці, дык хай прыйдзе блізкі яго сваяк як адкупіцель і выкупіць маёмасць, прададзеную братам.
а калі ня будзе каму за яго выкупіць, а сам ён будзе мець дастатак і знойдзе, колькі трэба на выкуп,
Калі ж хто не мае адкупіцеля, але сам зможа знайсці належныя сродкі на выкуп,
дык няхай ён разьлічыць гады продажу свайго і верне рэшту таму, каму ён прадаў, і ўступіць зноў у валоданьне сваё;
дык падлічыць ён гады ад часу продажу і зверне рэшту пакупніку, і гэтак верне сваю маёмасць.
а калі ня знойдзе рука ягоная, колькі трэба вярнуць яму, дык прададзенае ім застанецца ў руках пакупца да юбілейнага года, а ў юбілейны год адыдзе яно, і ён зноў уступіць у валоданьне сваё.
Калі аднак не здабудзе рука яго належных сродкаў на выкуп, то пакупнік будзе валодаць тым, што купіў, аж да юбілейнага года. А ў юбілейны год усё прададзенае вернецца гаспадару і ранейшаму ўладальніку.
Калі хто прадасьць жылы дом у горадзе, абнесенным мурам, дык выкупіць яго можна, пакуль пройдзе год ад продажу яго: за год выкупіць яго можна;
Калі хто прадасць дом у мурах горада, акружанага мурам, то будзе мець права на выкуп аж да канца года; закон выкупу будзе трываць год.
а калі ня будзе ён выкуплены, пакуль пройдзе год, дык дом, які ў горадзе, што мае мур, застанецца назаўсёды ў пакупца яго ў роды ягоныя і ў юбілей не адыдзе ад яго.
Калі ён не выкупіць і год завершыцца, завалодае ім пакупнік і нашчадкі яго навечна; і ён не зможа быць выкуплены, нават у юбілейны год.
А дамы ў селішчах, вакол якіх няма мура, трэба лічыць нароўні з палеткамі зямлі: выкупляць іх можна, і ў юбілей яны адыходзяць.
Дом у паселішчы, які не абведзены мурам, будзе прадавацца на роўні з зямлёю, дык можа быць выкуплены, і ў юбілейным годзе вернецца гаспадару.
А гарады лявітаў, дамы ў гарадах валоданьня іхняга, лявітам заўсёды можна выкупляць;
Што да дамоў левітаў, якія знаходзяцца ў гарадах іх валодання, то яны заўсёды могуць быць імі выкуплены.
а хто зь лявітаў ня выкупіць, дык прададзены дом у горадзе валоданьня іхняга ў юбілей адыдзе, бо дамы ў гарадах лявіцкіх складаюць іхняе валоданьне сярод сыноў Ізраілевых:
Калі ж хто будзе купляць у левітаў, то дом і горад у юбілейным годзе вернуцца гаспадарам, бо дамы гарадоў левітаў лічацца іх маёмасцю сярод сыноў Ізраэля.
і палёў вакол гарадоў іхніх прадаваць нельга, бо гэта вечнае валоданьне іхняе.
Таксама і палеткаў вакол іх гарадоў нельга прадаваць, дзеля таго што гэта іх вечная маёмасць.
Калі брат твой зьбяднее і занепадзе ў цябе, дык падтрымай яго, хай ён прыхадзень, хай пасяленец, каб ён жыў з табою;
Калі брат твой збяднее і аслабее рука яго ў цябе, дык падтрымай яго, і хай жыве з табою, хаця б як прышэлец або пасяленец.
не бяры зь яго ліхвы і прыбытку і бойся Бога твайго; каб жыў брат твой з табою;
Не бяры ад яго працэнтаў, ані ліхвы таго, што ты даў. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.
срэбра твайго не аддавай яму ў ліхву і хлеба твайго не аддавай яму дзеля прыбытку.
Не давай яму грошай сваіх на працэнты і не вымагай ад яго ліхвы за ежу тваю.
Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаанскую, каб быць вашым Богам.
Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан ды каб быць вашым Богам!
Калі зьбяднее ў цябе брат твой і прададзены будзе табе, дык ня ўскладвай на яго працы рабскай:
Калі брат твой з убогасці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго работаю нявольнікаў,
ён павінен быць у цябе як найміт, як пасяленец; да юбілейнага года няхай працуе ў цябе;
але будзеш з ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць толькі да года юбілейнага,
а тады няхай адыдзе ён ад цябе, сам і дзеці ягоныя зь ім, і вернецца ў род свой і ўступіць зноў у валоданьне бацькоў сваіх, —
а тады разам са сваімі дзецьмі выйдзе [з прыгону] і вернецца да сваёй радні, ва ўласнасць бацькоў сваіх.
бо яны — Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай: нельга прадаваць іх, як прадаюць рабоў;
Бо яны — Мае нявольнікі, Я іх вывеў з зямлі Егіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.
не валадары над ім жорстка і бойся Бога твайго.
Не будзеш уціскаць іх моцна, але будзеш баяцца Бога твайго.
А каб раб твой і рабыня твая былі ў цябе, дык купляйце сабе раба і рабыню ў народаў, якія вакол вас;
Калі б патрэбен быў табе нявольнік або нявольніца, купляй іх у тых народаў, што навокал цябе.
таксама і зь дзяцей пасяленцаў, што асяліліся ў вас, можаце купляць, і з роду іхняга, які ў вас, які ў іх нарадзіўся ў зямлі вашай, і яны могуць быць вашай уласнасьцю;
Таксама купляйце дзяцей прышэльцаў, якія пасяліліся ў вас, і з сям’і іх, якая жыве ў вас і якую стварылі яны на зямлі вашай. Яны будуць вашай уласнасцю,
можаце перадаваць іх у спадчыну і сынам вашым пасьля сябе, як маёмасьць; вечна валодайце імі, як рабамі. А над братамі вашымі, сынамі Ізраілевымі, адзін над адным, не валадарце жорстка.
і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і майце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але братоў сваіх, сыноў Ізраэля, не прыгнятайце сілаю.
Калі прыхадзень альбо пасяленец твой будзе мець дастатак, а брат твой перад ім зьбяднее і прадасца прыхадню, які асяліўся ў цябе, альбо каму-небудзь з роду прыхадня,
Калі чужынец або пасяленец твой разбагацее, а брат твой збяднее і запрадасца чужынцу, што пасяліўся ў вас, або каму другому з яго сям’і,
дык пасьля продажу можна выкупіць яго: хто-небудзь з братоў ягоных павінен выкупіць яго,
дык пасля продажу можа ён быць выкуплены. Хай тады хто з братоў яго выкупіць яго:
альбо дзядзька ягоны, альбо сын дзядзькі ягонага павінен выкупіць яго, альбо хто-небудзь з сваяцтва ягонага, з роду ягонага, павінен выкупіць яго; альбо калі будзе мець дастатак, сам выкупіцца.
ці дзяцька, ці сын яго, ці сваяк, ці хто блізкі. А нават сам сябе хай выкупіць, калі зможа.
І ён павінен разьлічыцца з пакупцом ягоным, пачынаючы з таго года, калі ён прадаў сябе, да года юбілейнага, і срэбра, за якое ён прадаў сябе, трэба аддаць яму па колькасьці гадоў; як часовы найміт ён павінен быць у яго:
І ён павінен разлічыцца з тым, хто купіў яго, пачынаючы з таго года, калі ён прадаў сябе, да года юбілейнага, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыць аддаць яму па лічбе гадоў і па правіле найміта.
І калі яшчэ шмат застаецца гадоў, дык па меры іх ён павінен аддаць на выкуп за сябе срэбра, за якое ён куплены;
Але калі да юбілейнага года застаецца многа гадоў, то адпаведна да лічбы іх павялічыць ён цану выкупу адносна цаны пакупкі.
а калі мала застаецца гадоў да юбілейнага года, дык ён павінен палічыць і па меры гадоў аддаць за сябе выкуп.
А калі застаецца нямнога, палічыць іх, і адпаведна ліку тых гадоў заплаціць свой выкуп пакупніку, колькі засталося гадоў
Ён павінен быць у яго, як найміт, ва ўсе гады; ён не павінен панаваць над ім жорстка ў вачах тваіх.
ад тых, якія ён раней адслужыў як найміт за наёмную плату. Хай не ўціскае яго строга перад абліччам сваім.
А калі ён ня выкупіцца такім чынам, дык у юбілейны год адыдзе сам і дзеці ягоныя зь ім,
Калі ж такім чынам выкупіцца не зможа, то ў годзе юбілейным вызваліцца разам з дзецьмі сваімі.
бо сыны Ізраілевыя Мае рабы; яны Мае рабы, якіх Я вывеў зь зямлі Егіпецкай. Я Гасподзь, Бог ваш.
Бо сыны Ізраэля — гэта Мае нявольнікі, якіх Я вывеў з зямлі Егіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!