Езэкііля 19 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

«А ты загаласі па князёх ізраелявых
 

І скажы: "Што за лявіца маці твая меж лявоў! Цікавала меж маладых лявоў, гадавала левяняты свае.
 

І выгадавала аднаго зь левянят сваіх; ён стаў маладым лявом і наўчыўся разрываць здабытак, жэр людзёў.
 

І пачулі празь яго народы; злавілі яго ў яму сваю й завялі яго на ланцугох да зямлі Ягіпецкае.
 

Цяпер, як яна абачыла, што яна спадзявалася, але спадзева ейная загінула, яна ўзяла другога зь левянят сваіх і зрабіла яго маладым лявом.
 

І хадзіў меж лявоў, стаў маладым лявом і наўчыўся разрываць здабытак, жэр людзёў.
 

І ён пазнаў пустыя палацы іхныя, і месты іхныя пустошыў; і зямля была напалохана, і поўная яго ад гуку равеньня ягонага.
 

Тады народы з акалічных краінаў сталі супроці яго й расьцягнулі сець сваю на яго, злавілі яго ў яму сваю.
 

І пасадзілі яго ў клетку на крук, і завялі яго да караля Бабілёнскага; прывялі яго да гарадоў, каб наперад гуку ягонага ня было чуваць на горах Ізраелявых.
 

Маці твая, падобна да цябе, як вінная розка, пасаджаная ля вады, плодная а рассахатая ад множасьці вады.
 

І яна мела моцныя галіны на ськіпетры валадаром, і пень яе ўзьняўся меж таўстых галузаў; і яна выдавалася вышынёю з множасьці гукаў сваіх.
 

Але ў гневе яна была вырвана, кінена далоў на зямлю, і ўсходні вецер высушыў плады яе, моцныя галіны яе адламіліся а ссохлі, цяпло пажэрла іх.
 

І цяпер яна перасаджана на пустыню, у зямлю сухую а ўсьмяглую.
 

І вышла цяпло з розкі гальля ейнага, пажэрла плады ейныя, так што няма моцнае розкі на ськіпетру ўлады"». Гэта — галашэньне, і будзе на галашэньне.