Выслоўяў Саламонавых 1 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Прыказі Салямона Давідзёнка, караля Ізраельскага,
Прыповесьці Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля,
Каб пазнаць мудрасьць а навуку, цяміць словы розуму,
каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму,
Каб дзяржаць навуку добрага розуму, справядлівасьці, суду а пасьцівасьці,
каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці.
Даць простым кемнасьць, маладзёну — веданьне а разважнасьць;
каб неразумным даць разумнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць.
Мудры пачуе й павялічыцца веданьне ягонае, і разумны асягае ўменьне,
Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі,
Каб уцяміць прыказь а атумекі, словы мудрыцоў а загадкі іхныя.
каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія.
Боязьнь СПАДАРОВА — пачатак веданьня. Мудрасьцяй а навукаю дурныя грэбуюць.
Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
Сыну мой! слухай навукі айца свайго і не пакідай навучаньня маці свае;
Сыне мой, паслухай перасьцярогаў ба́цькі твайго і не адкідай павучаньняў маці тваёй,
Бо яны — вянок зычлівасьці на галаву тваю і прыборы на шыю тваю.
бо яны — прывабны вянок на галаве тваёй і каштоўныя кара́лі на шыі тваёй.
Сыну мой! калі грэшнікі надзяць цябе, не гадзіся.
Сыне мой, калі б цябе намаўлялі грэшнікі, не далучайся да іх.
Калі яны скажуць: «Хадзі з намі, будзем цікаваць на кроў, зробім засадку бяз прычыны на нявіннага;
Калі яны скажуць: «Хадзем з намі! Зробім засаду дзеля праліцьця́ крыві́; наставім без прычыны па́стку на нявіннага;
Праглыніма іх жывых, як шэоль, і цэлых, як тых, што зыходзяць да долу;
праглынем іх жыўцом, як пекла, і цалкам, як тых, што зыходзяць у магілу;
Усялякую дарагую маемасьць знойдзем, напоўнім дамы нашы глабаньням;
знойдзем усялякія каштоўнасьці, напоўнім дамы свае здабычаю.
Кінь жэрабя свае сярод нас, майма ўсі адзін капшук».
Жэрабя сваё кідай разам з намі, няхай адзін мех будзе для нас усіх».
Сыну мой, не хадзі ў дарогу зь імі, узьдзерж нагу сваю ад сьцежкі іхнае;
Сыне мой, не хадзі з імі, устрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
Бо ногі іхныя бягуць да благога і барзьдзяць разьліваць кроў.
бо ногі іхнія бягуць да злачынства і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві́.
Дарма расьцягаюць сеці на аччу якое-колечы птушкі;
Бо надарэмна настаўляецца сетка на вачах усяго пта́ства.
А яны цікуюць на сваю собскую кроў, робяць засаду на душы свае.
А яны цікуюць на ўласную кроў, робяць засаду супраць душы́ сваёй.
Гэткія сьцежкі кажнага прагавітага на чужую маемасьць: яна адбірае жыцьцё тым, хто адбярэць яе.
Такія вось сьцежкі кожнага, хто прагне чужога даброцьця; яно забірае душу́ таго, хто завалодае ім.
Мудрасьць вонках голасна гукае, на вуліцах узьнімае голас свой,
Мудрасьць гука́е на вуліцах, на плошчах узьнімае голас свой,
На шумлівых ростанях гукае яна, у варотах месцкіх брамаў гукае яна словы свае:
на скрыжаваньнях шумлівых дарог кліча, у брамах гарадзкіх гучаць яе словы:
«Пакуль, простыя, будзеце любіць прасьціню? пакуль, скалазубы, будзеце любаваць насьміханьне свае і, дурныя, ненавідзіць веду?
«Дакуль, неразумныя, будзеце любіць неразумнасьць; дакуль, насьмешнікі, будзеце захапляцца насьмешкамі сваімі, а невукі — пагарджаць веданьнем?
Зьвярніцеся да казьнераньня майго; гля, я выльлю дух свой на вас, выяўлю словы свае вам;
Зьвярніцеся да настаўленьня майго, і я выльлю на вас духа майго, і абвяшчу вам словы мае.
Бо я гукала, і вы адмовіліся, выцягнула руку сваю, і ня было зважаючага;
Вось жа я клікала, але вы адмаўляліся, працягвала руку сваю, але ніхто не зьвярнуў увагі.
І пагрэбавалі ўсімі радамі маімі, і не хацелі казьнераньняў маіх;
Вы ўзга́рдзілі радай маёю і адкінулі дакараньні мае.
Дык і я буду сьміяцца з вашага няшчасьця, і буду насьміхацца, як нойдзе на вас спалох ваш.
Дык і я буду сьмяяцца з падзеньня вашага, і насьмяхацца буду, калі прыйдзе на вас жах.
Як прыйдзе, як разбурэньне, спалох ваш, і прылучыцца няшчасьце ваша, як віхор, як прыйдзе на вас гарота а безнадзееньне;
Калі нахлыне жах, як бура, і загуба ваша, быццам віхор, калі прыйдуць на вас трывога і гора,
Тады будуць гукаць мяне, але я не адкажу; золкам будуць шукаць мяне, але ня знойдуць мяне;
тады будуць клікаць мяне, але я не адкажу, шукаць мяне будуць, і ня знойдуць мяне.
Бо ненавідзілі веду й страху СПАДАРОВАГА не абралі,
Бо яны зьненавідзелі веданьне і ня выбралі для сябе страху ГОСПАДАВАГА,
Не хацелі мае рады, пагрэбавалі ўсім казьнераньням маім.
і не пайшлі за пара́дамі маімі, і ўзга́рдзілі перасьцярогамі маімі.
За тое будуць есьці з пладоў дарогі свае і насыцяцца радамі сваімі;
Дык няхай ядуць яны плады шляху свайго і насыцяцца намерамі сваімі.
Бо адварачаньне простых заб’ець іх, нядбайнасьць дурных загубіць іх.
Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, бяздумнасьць дурняў загубіць іх.
Але слухаючы мяне будзе жыць бясьпечна й будзе супакойны, бяз страху ліха».
А хто слухае мяне, будзе жыць бясьпечна, будзе спакойны, не баючыся зла».