Выслоўяў Саламонавых 18 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Дурыцца сваявол, у ўсе разумнае ўрываецца.
Свавольны шукае жаданьня [свайго] і кожнай цьвярозай думцы працівіцца.
Неразумны ня хоча розуму, але каб выказаць, розум свой.
Дурань ня хоча застанаўляцца, а толькі каб выявіць розум свой.
Як прыходзе нягоднік, прыходзе таксама грэбаваньне і зь няславаю сорам.
Калі прыходзіць бязбожнік, прыходзіць пагарда, і разам з сорамам — ганьба.
Глыбокія воды слова вуснаў людзкіх, цякучы цурэй — жарало мудрасьці.
Словы вуснаў чалавечых — глыбокія воды, крыніца мудрасьці — бурлівы ручай.
Ня добра мець бачнасьць на асобу нягоднага, каб адхінуць справядлівага на судзе.
Нядобра зважаць на аблічча бязбожнага, каб паваліць праведнага на судзе.
Вусны неразумнага прыводзяць да жалобы, і рот ягоны выклікае біцьцё.
Словы дурня прыводзяць да спрэчкі, і вусны ягоныя выклікаюць бойку.
Рот дурнога — загубеньне яму, і вусны ягоныя — пасадка душы ягонай.
Вусны дурня — загуба ягоная, а мова ягоныя — пастка для душы яго.
Словы агуканьніка — як ласонікі, і яны зыходзяць да нутра жывата.
Словы пляткара́ — як прысма́кі, яны зыходзяць у глыб нутра.
Таксама нярупатлівы да работы свае — брат раськідона.
Нядбайны ў рабоце сваёй — брат нішчыцеля.
Імя СПАДАРОВА — моцная вежа: уцякае да яе справядлівы, і ён бясьпечны.
Імя ГОСПАДА — магутная вежа, пабяжыць туды праведнік і будзе ў бясьпецы.
Багацьце багатырова — моцнае месца ягонае, і як высокая сьцяна ў ваччу ягоным.
Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, уяўляецца яна яму як муры́ высокія.
Перад патрышчаньням сэрца людзіны пыхатае, і перад славаю — пакора.
Перад загубай вывышаецца сэрца чалавека, а ўпакораньне папераджа́е славу.
Хто адказуе ўперад, чымся пачуе, дурнота а сорам таму.
Хто дае адказ раней, чым выслухае, той неразумны, і сорам яму.
Дух людзіны жывіць яе ў няўздоленьню, але маркотны дух хто можа перажыць?
Дух чалавека пераносіць немач сваю, але дух маркотны хто можа ўзьняць.
Сэрца цямлівага прыдбаець веду, і вуха мудрых шукае веды.
Сэрца разважнае набывае веды, і вуха мудрых шукае веданьня.
Падарак чалавека даець яму прастору і прыводзе яго да вялікіх людзёў.
Падарунак чалавека дае яму прастору і да вялікіх прывядзе яго.
Справядлівы першы ў сваёй справе, але прыходзе прыяцель ягоны й скумае яго.
Першы ў спрэчцы сваёй [падаецца] справядлівым, але прыйдзе бліжні ягоны і выспрабуе яго.
Жэрабя суймае вады й дзеле памеж дужых.
Жэрабя спыняе сваркі і дзеліць між магутнымі.
Уражаны брат, як моцнае места, і вады, як завалы замку.
Пакрыўджаны брат — як умацаваны горад, а сваркі — як зава́лы ў замку́.
З пладоў вуснаў людзіны насыціцца жывот ейны: прыбыткам вуснаў сваіх ён насыціцца.
З плоду вуснаў сваіх насыціць чалавек нутро сваё, з прыбыткаў губаў сваіх насыціцца.
Сьмерць і жыцьцё ў моцы языка, і любячыя яго паспытаюцца з пладоў яго.
Сьмерць і жыцьцё ў руцэ языка; хто любіць яго, будзе есьці плады ягоныя.
Хто знашоў жонку, тый знашоў дабро й адзяржаў зычлівасьць СПАДАРОВУ.
Хто знайшоў жонку, той знайшоў добрае і атрымаў ласку ад ГОСПАДА.
З маленьням гукае бедны, а багаты адказуе гарэзьліва.
Бедны гаворыць, умольваючы, а багаты адказвае груба.
Людзіна, што мае прыяцеляў, мае абходзіцца прыязьліва; бывае прыяцель бліжшы за брата.
Чалавек, які мае сяброў, сам павінен быць сяброўскі, і бывае, што сябар больш любіць, чым брат.