Выслоўяў Саламонавых 26 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Як сьнег улетку і як дождж у жніво, так чэсьць ня ўходзе дурному.
 
Як сьнег улетку, а дождж у жніво, так дурню не пасуе слава.

Як блудная птушка, як лёт ластаўчын, так бяспрычынны праклён ня здойсьніцца.
 
Як птушка пераляціць і як ластаўка паляціць, так праклён беспрычынны ня збудзецца.

Пуга каню, аброць аслу, і кій сьпіне дурных.
 
Пуга — для каня, аброць — для асла, а кій — на сьпіну дурня.

Не адказуй дурному подле дурноты ягонае, каб і ты ня стаў роўны зь ім;
 
Не адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ты падобным да яго.

Адказуй дурному подле дурноты ягонае, каб ён ня быў мудрыцом у ваччу сваім.
 
Адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ён мудрым у вачах сваіх.

Адцінае сабе ногі, п’ець шкоду тый, што пасылае паручэньне рукою неразумнага;
 
Падціна́е сабе ногі і п’е шкоду сваю той, хто праз ру́кі дурня слова пасылае.

Як сьцёгны кволыя ў кульгавага, так прыказь у вуснах неразумных.
 
Няроўныя ногі кульгавага, таксама пры́казка ў вуснах дурня.

Як тый, што пушчае дарагі камень з пушчала, так тый, што сьціць неразумнага.
 
Як прывязваць каме́нь да вяроўкі, так аддаваць пашану дурню.

Як цернь у руццэ п’яніцы, так прыказь у вуснах неразумных.
 
Як калючка ў руцэ п’янага, так прыказка ў вуснах дурня.

Як стралец ране ўсіх, так наймаючы неразумнага і наймаючы хаджан.
 
Вяльможны робіць усё: і дурня наймае, і мінака наймае.

Як сабака зварачаецца да ірвакоў сваіх, так неразумны паўтарае дурноту сваю.
 
Як сабака вяртаецца да вані́таў сваіх, так дурань паўтарае дурасьць сваю.

Ці бачыў чалавека, мудрага ў ваччу сваім? Болей надзеі ў неразумнага, чымся ў яго.
 
Ці бачыў ты чалавека, мудрага ў вачах сваіх? На дурня большая надзея, чым на такога.

Ляны кажа: «Леў на дарозе, леў меж вуліцаў».
 
Гультай кажа: «Леў на шляху! Леў на плошчы!»

Дзьверы абарачаюцца на завесах сваіх, а ляны — на ложку сваім варочаецца.
 
Дзьверы варочаюцца на завесах сваіх, а гультай — на ложку сваім.

Ляны хавае руку сваю ў талерку, і цяжка яму падняць яе да вуснаў сваіх.
 
Гультай хавае руку сваю ў місе, і яму цяжка падняць яе да вуснаў сваіх.

Мудрэйшы ляны ў ваччу сваім за сямёх адказуючых разумна.
 
Гультай мудрэйшы ў сваіх вачах за сямёх, што адказваюць з разуменьнем.

Як тый, што хапае сабаку за вушы, так хадзяка, што мяшаецца да чужое сьпярэчкі.
 
Хапа́е сабаку за вушы той, хто мяшаецца ў чужую спрэчку.

Як шалёны, што пушчае галавешкі, стрэлы а сьмерць,
 
Як вар’ят, які кідае агонь, стрэлы і сьмерць,

Так людзіна, што ашукуе прыяцеля свайго й кажа: «Ціж я ня шкеліў?»
 
так чалавек, які падманвае бліжняга свайго і кажа: «Гэта я жартую».

Ідзе няма дроў, цяпло гасьне; і йдзе няма агуканьніка, нязгода моўкне.
 
Калі няма дроваў, агонь гасьне, калі няма пляткара́, зва́дка сьціхае.

Вугаль да жару, і дровы да цяпла; і звадлівая людзіна да тога, каб зацяпляць нязгоду.
 
Вугаль — для жару, дровы — для агню, а чалавек сварлівы — для распальваньня спрэчкі.

Словы агуканьніка, як ласонікі, і зыходзяць да нутра жывата.
 
Словы пляткара́ — як прысма́кі, яны зыходзяць у глыб нутра.

Як гліняны гаршчок, паліваны срэбным шумаўём, так гарачыя вусны й нягоднае сэрца.
 
Як гліна, паліваная срэбрам з жужалем, так гарачыя вусны і ліхое сэрца.

Вуснамі сваімі непрыяцель прыдаецца, але ў нутру сваім задумляе ашуку;
 
Ненавісьнік прыкрываецца вуснамі сваімі, а ў нутры сваім рыхтуе ашуканства.

Калі ён гукае лагодна, ня вер яму, бо сем агідаў у сэрцу ягоным.
 
Калі ён робіць лагодным голас свой, ня вер яму, бо сем брыдотаў у сэрцы ягоным.

Чыя ненавіднасьць прыкрыта ашукаю, таго злосьць адкрыецца прынародна.
 
[Чыя] нянавісьць прыхоўваецца ашуканствам, таго ліхота выявіцца перад грамадою.

Хто капае яму, уваліцца ў яе; і камень зьвернецца на тога, хто коце яго.
 
Хто капа́е я́му, той уваліцца ў яе, і хто пакоціць каме́нь, на таго ён вернецца.

Манлівы язык ненавідзе ўцісьненых ім, і гладкія вусны прычыняюць адхіненьне.
 
Брахлівы язык ненавідзіць пакрыўджаных ім, і вусны лісьлівыя вядуць да загубы.