Выслоўяў Саламонавых 20 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Віно — скалазуб, а моцны напітак — крыклівы, і каго зводзяць яны, тый нямудры.
Віно зьдзеклівае, сікера галасьлівая, і кожны, хто блукае з імі, ня мае мудрасьці.
Як равеньне левяняці, боязьнь караля; хто квеле яго, тый грэша супроці душы свае.
Ярасьць валадара — як рыканьне ільва, хто выклікае яе, грашыць супраць душы сваёй.
Чэсьць людзіне ўзьдзержыцца ад суду, але кажны дурны задзіраецца.
Слава для чалавека — пакінуць спрэчку, а ўсе неразумныя задзірлівыя.
Узімку лянуцька ня хоча рабіць зямлі; улетку будзе прасіць, і няма.
Дзеля холаду гультай ня хоча араць, таму будзе прасіць у час жніва, і [не атрымае] нічога.
Рада ў сэрцу людзіны — глыбокія воды, але людзіна разумная высіле іх.
Намеры ў сэрцы чалавека — глыбокія воды, але разумны чалавек вычэрпвае іх.
Множасьць людзёў весьцяць кажны свае міласэрдзе, але верную людзіну хто можа знайсьці?
Багата людзей абвяшчае пра міласэрнасьць сваю, але праўдамоўнага чалавека хто можа знайсьці?
Справядлівы ходзе ў сваёй нявіннасьці; дзеці ягоныя дабраславёныя просьле яго.
Праведнік ходзіць у беззаганнасьці сваёй, шчасьлівыя сыны ягоныя пасьля яго.
Кароль, седзячы напасадзе суду, разьвявае ачыма сваімі ўсе благое.
Валадар, які сядзіць на судовым пасадзе, расьцярушвае вачыма сваімі ўсякую ліхоту.
Хто можа сказаць: «Я ачысьціў сэрца свае, я чысты ад грэху свайго?»
Хто можа сказаць: «Я ачысьціў сэрца маё, я чысты ад грэху майго»?
Неаднолькавая вага, неаднолькавая мера, адно й другое — агіда СПАДАРУ.
Неаднолькавыя ва́гі і неаднолькавая эфа, адно і другое — агіда для ГОСПАДА.
Нават із учынкаў ягоных пазнаюць дзяцюка, ці чыстая і ці пасьцівая дзейнасьць ягоная.
Нават у юнака па паводзінах можна зразумець, ці чыстыя, ці пра́выя справы ягоныя.
Вуха чуе й вока бача; СПАДАР стварыў таксама абодва іх.
Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць, — ГОСПАД зрабіў і адно, і другое.
Ня любі сну, каб не зьбяднець; адчыні вочы свае, і досыць будзеш мець хлеба.
Не любі спаць, каб табе не зьбяднець, адкрый вочы свае, і насыцішся хлебам.
«Благое, благое», кажа купляньнік, але, адышоўшы, хваліцца.
«Дрэннае, дрэннае», — кажа пакупнік, а калі адыдзецца, тады хва́ліцца.
Ё золата і множасьць рубінаў, але дарагая судзіна вусны веды.
Ёсьць золата і мноства пэрлінаў, але найкаштоўнейшая рэч — вусны разумныя.
Вазьмі адзецьце ягонае, бо ён ручаў за чужніка, і за чужых зарука ягоная.
Забяры адзеньне яго, бо ён паручы́ўся за чужога, і за чужынца вазьмі закла́д ад яго.
Салодкі людзіне хлеб маны, адлі напоўняцца вусны ягоныя жвірам.
Салодкі чалавеку хлеб ашуканства, але потым пяском напоўняцца вусны ягоныя.
Замеры мацуюцца парадаю, і з плянамі вядзі вайну.
Думкі ўмацоўваюцца пара́дамі, і з разважлівасьцю вядзі вайну.
Хто адкрывае тайну, тый ходзе як язычнік; дык не задавайся з тым, хто шырака рашчыняе вусны свае.
Хто ходзіць абмоўнікам, той выяўляе таямніцы, дык ня зьвязвайся з тым, хто рот свой разьзяўляе.
Хто клінець айца свайго альбо маці сваю, сьветач таго згасьне сярод глыбокае цемры.
Хто кляне бацьку свайго і маці сваю, у таго сьветач патухне сярод глыбокай цемры.
Спадак, спачатку борзда адзяржаны, наапошку ня будзе дабраславёны.
Спадчына, спачатку пасьпешліва здабытая, ня будзе пры канцы дабраслаўлёная.
Не кажы: «Я адплачу за благое», але спадзявайся на СПАДАРА, і Ён паможа табе.
Не кажы: «Я адплачу́ за зло», спадзявайся на ГОСПАДА, і Ён вы́бавіць цябе.
Агіда СПАДАРУ неаднолькавая вага, і ашукныя шалькі — ня добра.
Агіда для ГОСПАДА — неаднолькавыя ва́гі, і ша́лі падманлівыя — ня добра.
Ад СПАДАРА ступы мужа, а чалавек як жа сьцяме дарогу сваю?
Ад ГОСПАДА крокі чалавека, і як жа чалавеку зразумець шлях свой?
Пасадка людзіне ў пасьпеху сказаць «пасьвячанае» і па абятніцах скумаць.
Пастка для чалавека — пасьпешліва зрабіць шлюбава́ньне, а пасьля абяцаньня разважаць.
Расьцяруша нягодных кароль мудры і аберне на іх малацьбянае кола.
Мудры валадар расьцярушыць бязбожнікаў і зьверне на іх кола [малатарнае].
Душа людзіны сьвечка СПАДАРОВА, — соча ўвесь нутр жывата ягонага.
Сьветач ГОСПАДАЎ — дух чалавечы, ён дасьледуе ўсе сховы нутра.
Міласэрдзе а праўда сьцерагуць караля, і паддзержуецца міласэрдзям пасад ягоны.
Міласэрнасьць і праўда ахоўваюць валадара, і міласэрнасьцю ўмацоўваецца пасад ягоны.
Пазор маладзёнаў — дужасьць іхная, і вялічча старых — сівізна.
Слава юнакоў — сіла іхняя, а веліч старых — сівізна.
Сінякі вытняў — лекі ад ліха, і розкі нутру жывата.
Вы́тні і раны — лекавальная масьць ад ліхоты, і ўдары ў глыбіню нутра.