Выслоўяў Саламонавых 17 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Валей сухая луста й цішыня зь ёй, чымся дом поўны аброку з вадаю.
 
Лепш сухая лу́ста ў супакоі, чым дом, поўны заколатай жывёлы, са сваркамі.

Мудры слуга будзе мець уладу над сынам, каторы прычыняе ганьбу, і меж братоў будзе дзяліць спадак.
 
Разумны слуга будзе панаваць над шалапу́тным сы́нам і між братоў будзе дзяліць спадчыну.

Літавальны гаршчак да срэбра й горан да золата, але прабуе сэрцы СПАДАР.
 
Літавальны гаршчок — для срэбра, і горан — для золата, а сэрцы выпрабоўвае ГОСПАД.

Ліхадзей зважае на манлівыя вусны, маныш слухае шкодную мову.
 
Ліхотнік зважае на вусны нягодныя, хлус слухае язык згубны.

Хто сьмяецца зь беднага, зьневажае Стварыцеля яго; хто радуецца зь бяды, ня будзе нявінны.
 
Хто насьміхаецца з беднага, той зьневажае Творцу ягонага, і хто цешыцца з няшчасьця, не пазьбегне пакараньня.

Карона старых — унукі, і слава дзяцей — бацькі іхныя.
 
Карона старых — сыны сыноў, і слава сыноў — бацькі́ іхнія.

Ня ўходзе дурню выдатная мова, пагатове манлівыя вусны — князю.
 
Не пасуе бязглуздаму паважная мова, тым больш шляхетнаму вусны брахлівыя.

Лапан — калярысты камень у ваччу маючага яго; куды ні павернецца ён, удаецца яму.
 
Хабар — каштоўны камень у вачах гаспадара яго, куды толькі зьвернецца ён, будзе мець посьпех.

Хто прыкрывае выступ, шукае любосьці; але хто паўтарае справу — разлучае прыяцеляў.
 
Хто прыкрывае правіну, шукае любові, а хто паўтарае слова, разьдзяляе сяброў.

Вайцяньне працінае болей мудрага, чымся сто вытняў дурня.
 
Мацней дзейнічае нагана на разумнага, чым сто ўда́раў на дурнога.

Благі шукае адно бунту, затым неміласьціўны пасланец будзе пасланы на яго.
 
Ліхадзей шукае толькі непаслухмянства, таму бязьлітасны анёл будзе пасланы супраць яго.

Хай стрэне людзіну мядзьведзіца, спабытая дзяцей сваіх, абы не неразумны із сваёй дурнотаю.
 
[Лепш] спаткаць мядзьведзіцу, пазбаўленую дзяцей, чым дурня ў неразумнасьці ягонай.

Хто плаце благім за добрае, з дому таго не аддаліцца благое.
 
Хто адплочвае злом за дабро, у таго зло не адыйдзе ад дому ягонага.

Пачатак вады, — прорва вады; затым уперад, чымся прарвецца, пакінь ваду.
 
Пачатак звадкі — прарыў вады, перш, чым спрэчка пачнецца, пакінь [яе].

Хто праўдзе нягодніка і хто вінуе справядлівага — агіда СПАДАРУ абодва яны.
 
Той, хто апраўдвае злачынцу, і той, хто вінаваціць праведніка, — абодва агіда для ГОСПАДА.

Нашто грошы ў руццэ дурня? купіць мудрасьці, як няма розуму?
 
Навошта грошы ў руцэ дурнога, каб набыць мудрасьці, калі няма розуму?

Кажнага часу любе прыяцель, і брат родзіцца ў нядолі.
 
Сябра любіць у кожны час, і ў нядолі робіцца бра́там.

Чалавек, катораму не стаець розуму, ручаецца, рукаемства даець прыяцелю свайму.
 
Чалавек, пазбаўлены розуму, дае руку́ і руча́ецца перад абліччам бліжняга свайго.

Любе выступ, хто любе ваду; хто падыймае вароты свае, шукае загубеньня.
 
Хто любіць сваркі, любіць грэх, і хто падымае высока вароты свае, шукае загубы.

Хто мае ізрадлівае сэрца, ня знойдзе дабра, крутадушны языком упадзець у ліха.
 
Крывадушнае сэрца ня знойдзе дабра, і язык здрадлівы трапіць у бяду.

Родзе хто неразумнага — на смутак свой, і не пацешыцца айцец дурня.
 
Хто нараджае неразумнага, — на смутак сабе, і бацька бязглуздага ня будзе цешыцца.

Вясёлае сэрца — добры лек, але маркотны дух суша косьці.
 
Радаснае сэрца аздараўляе, [нібы] лекі, а маркотны дух су́шыць косьці.

Лапан із заўлоньня нягоднік бярэць, каб адхінуць дарогу суду.
 
Бязбожнік бярэ хабар з-за пазухі, каб скрыві́ць сьцежкі правасудзьдзя.

Перад цямлівым — мудрасьць, але вочы неразумнага — на канцох зямлі.
 
Перад абліччам разумнага — мудрасьць, а вочы дурня — на канцы зямлі.

Неразумны сын — немарасьць айцу свайму і гарчэль тэй, што яго радзіла.
 
Сын неразумны — згрызота для ба́цькі свайго і горыч для той, якая яго нарадзіла.

Таксама нядобра караць справядлівага, біць князёў за пасьцівасьць.
 
Таксама нядобра кара́ць праведніка і біць шляхетнага за шчырасьць.

Зьдзержуе словы, хто мае веду, людзіна халоднага духа — разумная.
 
Хто мае веданьне, той у словах ашчадны, і чалавек разумны мае спакойны дух.

Нават дурнога, як маўчыць, маюць за мудрага; закрываючага вусны — за разумнага.
 
Таксама неразумны, калі маўчыць, лічыцца мудрым, і калі закрывае вусны свае, разважлівым.